ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫ СІ́НТЭЗ,

атрыманне крышталічных неарган. рэчываў ва ўмовах, што дазваляюць мадэліраваць фізіка-хім. працэсы ўтварэння мінералаў у зямных нетрах. Заснаваны на здольнасці вады і водных раствораў пры т-ры 300—500 °C і ціску 10—80 МПа раствараць рэчывы, якія практычна нерастваральныя ў звычайных умовах. У такіх умовах вырошчваюць таксама вял. монакрышталі (напр., крышталі кварцу масай да 50 кг). Выкарыстоўваецца ў прам-сці пры вытв-сці розных злучэнняў: аксідаў (SiO2, GeO2), сульфідаў (ZnS, PbS, HgS), сілікатаў (CaSiO3, NaNdSi6O14) і інш.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАМПАЗЁР (ад франц. décomposer раствараць, драбіць),

апарат для вылучэння крышталічнага гідраксіду алюмінію (гл. Алюмінію злучэнні) з раствору алюмінатаў.

Д. З мех. перамешваннем — стальны цыліндрычны чан (да 0,4 м³), унутры якога круціцца ланцуговая мяшалка, каб падтрымліваць часціцы затраўкі (служаць цэнтрамі крышталізацыі) у завіслым стане. Д. з паветраным перамешваннем (умяшчальнасць да 3000 м³) пашыраны ў вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду). Д. злучаюцца паслядоўна ў секцыі (па 10—15 апаратаў), у галаўныя Д. бесперапынна падаецца затраўка, з хваставых адбіраецца гатовая гідратная пульпа. Выкарыстоўваюцца пераважна ў каляровай металургіі.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВАРА́ЛЬНІКІ,

хімічныя злучэнні ці іх сумесі, здольныя раствараць (гл. Растваральнасць) розныя рэчывы. У сістэмах вадкасць — газ і вадкасць — цвёрдае цела Р. лічаць вадкасць, у двух і шматкампанентных растворах — кампанент, колькасць якога значна перавышае колькасць інш. кампанентаў. Паводле асн. хім. класіфікацыі Р. падзяляюць на неарган. і арганічныя.

Найважн. неарган. Р. — вада. Да неарган. Р. адносяцца вадкія аміяк NH3 і дыаксід серы SO2, фторыставадародная к-та HF і інш. Арган. Р. — злучэнні розных класаў: аліфатычныя і араматычныя вуглевадароды, іх галагена- і нітравытворныя (хлараформ, нітрабензол), спірты (метанол, этанол), кетоны (ацэтон), простыя і складаныя эфіры (дыэтылавы эфір) і інш. Класіфікуюць Р. таксама паводле палярнасці малекул і велічыні дыэл. пранікальнасці (палярныя і непалярныя), т-ры кіпення (нізка- і высокакіпячыя), вязкасці, пажара- і выбухованебяспечнасці, таксічнасці і інш. уласцівасцей. Асн. патрабаванні да Р. пры яго практычным выкарыстанні мінім. таксічнасць і пажаранебяспечнасць, даступнасць і таннасць. Выкарыстоўваюць для тэхнал. мэт у лакафарбавай, тэкст., фармацэўтычнай, мед. прам-сці, пры вытв-сці выбуховых рэчываў, а таксама ў якасці асяроддзя для ажыццяўлення хім. рэакцый.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)