ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),
раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс. га дзяржаўных і 27 тыс. га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс. га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.
І.П.Хаўратовіч.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),
1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).
2) У этнічным сэнсе — тое, што дээтнізацыя.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)