РАСПА́ЛУБКА ў архітэктуры,

частка скляпення, утвораная перасячэннем яго дзвюх узаемна перпендыкулярных цыліндрычных паверхняў. Робіцца пры размяшчэнні верхняй кропкі праёмаў (аконных, дзвярных, нішаў і інш.) вышэй за пяту асн. скляпення. Р. ўтвараюць малыя скляпенні, радыус якіх вызначаецца шырынёй праёма.

З’явіліся ў раманскіх і гатычных збудаваннях. У бел. культавай архітэктуры вядомы з 16 ст. ў 1- і 3-нефавых храмах. Значна пашыраны ў 17—18 ст. Вядомы таксама ў помніках грамадз. архітэктуры 18 ст. Часам Р. ўпрыгожвалі размалёўкай (касцёл кармелітаў у г.п. Ружаны Пружанскага, Троіцкі касцёл у г. Косава Івацэвіцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.).

С.​А.​Сергачоў.

Распалубка.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,

комплекс работ па ўзвядзенні збудаванняў і канструкцый з маналітнага жалезабетону. Уключаюць апалубачныя (гл. ў арт. Апалубка), арматурныя работы і бетонныя работы. Выконваюцца ў паслядоўнасці: выраб і мантаж арматурных каркасаў, сетак і асобных стрыжняў; устаноўка апалубкі; прыгатаванне, транспартаванне, укладка і ўшчыльненне бетоннай сумесі; догляд бетону ў перыяд яго цвярдзення; распалубка пасля дасягнення бетонам неабходнай трываласці. Зманціраваныя арматурныя каркасы могуць выкарыстоўвацца пры ўстаноўцы апалубкі для яе фіксацыі ў патрэбным становішчы, а таксама для мацавання закладных дэталей.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)