у беларусаў даўняя страва. Спачатку варылі мяса з прыправамі, у посныя дні — грыбы, рыбу. Потым невял. колькасць мукі разводзілі вадой і залівалі ў гаршчок (часам закалочвалі сухую муку), потым далівалі хлебны квас або сыроватку, бурачны расол. У некат. раёнах дадавалі хлебную рошчыну, гатавалі і са свіной крыві. На Магілёўшчыне, у Зах. і Цэнтр. Палессі П. — старая назва заціркі, калатушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,
рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:
Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́,
насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.І.Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСІ́Т»
(назва ад Беларусі),
беламін, прыродны металаносны расол бішафітавай стадыі (гл.Бішафіт) згушчэння марской вады стараж. (350—400 млн.г.) дэвонскіх басейнаў. Тыповая «вадкая руда» з вял. (353—444 г/л) колькасцю хларыдаў магнію, кальцыю, брому, ёду, амонію і інш., шмат рэдкіх і рассеяных элементаў. Залягае на глыб.2,4 — больш за 3 км у Прыпяцкім прагіне Беларускага Палесся. Выкарыстоўваецца як бальнеалагічны сродак, у нар. медыцыне, перспектыўны для выкарыстання як полікампанентнае ўгнаенне, у металургічнай прам-сці, на патрэбы транспарту і інш.
Літ.:
Кудельский А.В., Сербин Г.А. Минеральные воды юго-восточной Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМАРО́ЖВАННЕ ГРУНТО́Ў,
штучнае ахаладжэнне слабых і воданасычаных грунтоў да адмоўных т-р з мэтай іх умацавання і дасягнення воданепранікальнасці; адзін з відаў замацавання грунтоў. Выкарыстоўваецца пры буд-ве шахтаў, тунэляў, станцый метрапалітэна, падземных сховішчаў, фундаментаў, мастоў, перамычак і інш.
Для З.г. па перыметры аб’екта (напр., выемкі) прабіваюць свідравіны на адлегласці 1—3 м адна ад адной, апускаюць у іх замарожвальныя трубы (калонкі) з герметычна завараным ніжнім канцом. Унутр калонкі па трубе падаюць ахалоджаны да -20 °C і ніжэй у халадзільных машынах (устаноўках, на станцыях) раствор солей, або расол (звычайна хлорыстага кальцыю), па другой трубе адводзяць яго з мэтай цыркуляцыі. У выніку ахаладжэння вакол калонак утвараюцца слупы мёрзлага грунту, якія злучаюцца ў суцэльную сцяну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.