РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр. Ільін) Фёдар Фёдаравіч

(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн. ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав. ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.

Тв.:

О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.

Літ.:

Гребельский З.В. Федор Раскольников. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕ́НЕЎ (сапр. Арлоў) Павел Мікалаевіч

(6.3.1869, Масква — 31.8.1932),

рускі акцёр. Нар. арт. Рэспублікі (1926). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1886. Выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі, Беларусі і інш. У творчасці дамінаваў герой, душэўна неўладкаваны, сумленны, які імкнецца, але не можа спалучыць свае ідэалы з рэальнымі ўмовамі быцця. Лепшыя ролі: цар Фёдар Іаанавіч (аднайм. п’еса А.​К.​Талстога), Раскольнікаў і Дзмітрый Карамазаў («Злачынства і кара», «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена).

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ЦКІ Фама Сільвестравіч (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.​Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына); у т-ры імя Я.​Купалы: Салянік («Радавыя» А.​Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Т (сапр. Абрамовіч) Усевалад Сямёнавіч

(12.2.1912, г. Бадайбо Іркуцкай вобл., Расія — 3.3.1991),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1980). У 1931—34 і з 1938 акцёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай, у 1934—37 — Т-ра Чырв. Арміі ў Ташкенце. У 1964—68 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага. Рознахарактарны акцёр, творчасці якога ўласцівы глыбіня трактоўкі ролі, імкненне да завершанасці сцэн. формы, лаканізм выразных сродкаў. Сярод роляў: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Кучумаў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Пушкін («Пушкін» А.​Глобы), Прэйн («Горнае гняздо» паводле Дз.​Маміна-Сібірака), сэр Джон («Касцюмер» Р.​Харвуда), Жак («Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра), Шура Зайцаў («Старыя сябры» Л.​Малюгіна) і інш. З 1955 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 18, кн. 1, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРО́ЎСКІ (сапр. Саруханаў) Юрый Ільіч

(3.5.1894, Тбілісі — 30.12.1959),

расійскі і латвійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1956). На сцэне з 1914. Працаваў у т-рах Расіі. З 1924 (з перапынкам) акцёр і рэжысёр Рыжскага т-ра рус. драмы, адначасова (да 1934) выступаў і ставіў спектаклі ў Рабочым т-ры (Рыга). Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Макар Дубрава («Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Тэўе («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), кароль Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Паставіў каля 100 спектакляў, у т. л. «Платон Крэчат» Карнейчука (1937), «У агні» Р.​Блаўманіса (1955). Здымаўся ў кіно («Сустрэча на Эльбе», 1949; «Жукоўскі», 1950, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

Літ.:

Вахрушева Е.А. Юрий Юровский Рига, 1957;

Яе ж. Дорога исканий. Рига, 1958.

Ю.І.Юроўскі.

т. 18, кн. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)