АРЭ́Н-КАЛА́,

гарадзішча старажытнага горада Байлакана (за 15 км ад горада Байлаган) у Азербайджане. Горад пабудаваны на мяжы 5—6 стагоддзяў недалёка ад сутокаў Куры і Аракса як апорны пункт дзяржавы Сасанідаў на гандл. шляху з Закаўказзя на Блізкі Усход. Раскопкамі выяўлены рэшткі першапачатковай прамавугольнай крэпасці. Яе сцены даўжынёй 2,5 км змураваны з буйной сырцовай цэглы (пазней абкладзены абпаленай цэглай), у 11—13 стагоддзях захаваліся толькі ў паўднёва-ўсходняй частцы крэпасці (даўжынёй 1,5 км). Раскапаны рэшткі больш як 30 крапасных вежаў, багатых гарадскіх жытлаў, жылыя і рамесніцкія кварталы. У 1221 крэпасць разбурана мангольскім войскам.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУ́Р, Асур,

старажытнасеміцкі горад. Засн. ў 4-м тыс. да нашай эры на зах. беразе р. Тыгр, за 100 км на Пд ад сучаснага г. Масул (Ірак). У 1-й пал. 18 ст. да нашай эры трапіў пад уладу вавілонскага цара Хамурапі, у 15 ст. да нашай эры — імперыі Мітані. Паклаў пачатак і даў назву дзяржаве Асірыя, у 14—9 ст. да нашай эры быў яе сталіцай. У 614 да нашай эры разбураны мідыйцамі і халдзеямі. На месцы руін Ашура (пагорак Кал’ят-Шаргат) у 1903—14 раскапаны гар. ўмацаванні, 34 храмы (у тым ліку бога Ашура і багіні Іштар), некалькі палацаў, знойдзена б-ка клінапісных тэкстаў асірыйскага цара Тыглатпаласара І [1115—1078 да нашай эры] і інш.

Ашур уключаў «Унутраны горад» (рэшткі палацаў, храмаў, культавай вежы — зікурата) і «Новы горад», умацаваныя 2 лініямі абарончых сцен з бастыёнамі і брамамі; храмы Іштар (1-я пал. 3-га тыс. да нашай эры), Ашура, Ану-Адада. Захаваліся рэшткі парфянскіх будынкаў: палаца, «Парфянскага акропаля» з храмамі, цытадэлі, «перыптэра Ашура».

Літ.:

Andrae W. Das wiedererstandene Assur. 2 Aufl. Munchen, 1977.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.В.Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ ПО́МНІКАЎ АРХІТЭКТУ́РЫ,

галіна археалогіі, якая вызначае месцазнаходжанне рэшткаў загінулых або значна пераробленых помнікаў архітэктуры, вывучае іх, аднаўляе планы і, па магчымасці, рэканструюе фасады і асн. аб’ёмы помнікаў у цэлым.

Да 19 ст. манум. архітэктуру вывучалі гісторыкі архітэктуры і мастацтвазнаўцы, археал. даследаванні мелі дапаможны характар. У 1820—40-я г. ў Зах. Еўропе, у канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі пачаліся навук. даследаванні арх. помнікаў. У 1930—40-я г. вылучылася ў асобную галіну археалогіі. У пасляваен. гады распрацавана методыка археал. вывучэння арх. аб’ектаў, праводзіцца сумеснае іх даследаванне аб’яднанымі экспедыцыямі археолагаў, архітэктараў-рэстаўратараў, гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў.

На Беларусі першыя археал. даследаванні арх. помніка зроблены невяд. археолагам у 1790-я г. ў Полацку, у выніку якіх раскапаны падмуркі храматрыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. праводзілася візуальнае мастацтвазнаўчае і гіст. архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. Рус. і польск. даследчыкі абследавалі шмат помнікаў, зрабілі іх пач. абмеры, вывучалі буд. матэрыялы і сістэмы муровак, сабралі вял. факталагічны матэрыял па гісторыі бел. архітэктуры і спрабавалі яго крытычна асэнсаваць. Часам даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. Археалогія помнікаў архітэктуры актывізавалася ў канцы 1920—1-й пал. 1930-х г. (працы І.Хозерава, М.Шчакаціхіна). На высокім навук. узроўні праведзены раскопкі полацкіх арх. помнікаў 12 ст., што дазволіла вылучыць іх у самастойную Полацкую школу дойлідства. У пасляваенны перыяд раскопкі М.Вароніна, М.Каргера, П.Рапапорта, В.Булкіна далі магчымасць па-новаму ўбачыць і растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця архітэктуры зах. зямель Стараж. Русі. З канца 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13—18 ст., вынікі іх надрукаваны ў працах М.Ткачова і М.Малеўскай. У апошні час шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.Чарняўскага, З.Пазняка, А.Кушнярэвіча і інш.).

Літ.:

Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;

Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. М., 1973. Вып. 135;

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: Архит.-археол. Анализ. Мн., 1988.

А.А.Трусаў.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)