РА́ПУШКІ,

рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас. Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз. рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас. Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л. воз. Дрывяты, Нарач і інш.

Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапушкі: 1 — сібірская; 2 — еўрапейская.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ПУС ладажскі

(Coregonus albula ladogensis),

кілец,

рыба сям. сіговых атр. ласосепадобных. Хуткарослая буйная форма рапушкі еўрапейскай. Пашырана ў Анежскім і Ладажскім азёрах. Трымаецца чародамі далёка ад берагоў, пераважна на глыбіні. Характэрны кармавыя міграцыі. На Беларусі інтрадукаваны (1950—62) у Браслаўскую і Нарачанскую групы азёр і ў Лукомскае возера. Нар. назвы: рыпукса, рыпуса.

Даўж. да 46 см, маса да 1,5 кг. Ад рапушкі адрозніваецца выгінам бакавой лініі. Корміцца пераважна планктонам, часам дробнай рыбай (корушкай). Аб’ект развядзення.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІГІ́ (Coregonus),

род рыб сям. сіговых атр. ласосепадобных. Самы шматлікі з сямейства. Пашыраны ў бас. Ледавітага, Ціхага і Атл. акіянаў. Прахадныя, азёрныя і рачныя рыбы. Найб. вядомыя: С. звычайны, рапушкі, омуль, пелядзь, муксун, чыр і інш. У азёрах Беларусі водзіцца рапушка еўрапейская, або сялява, у 1925 у азёры Браслаўскай, Нарачанскай груп і воз. Лукомскае з Чудска-Пскоўскага воз. завезены для акліматызацыі сіг чудскі (C. lavaretus maraenoides). У азёрах Лукомскае і Нарач меў прамысл. значэнне. Пелядзь на Беларусь завезена ў 1957.

Даўж. да 75 см, маса да 8 кг (зрэдку 16 кг). Цела серабрыстае, спіна цёмная, луска буйная. Рот невял., ніжні, канцавы або верхні. Нераст звычайна восенню. Ікра дробная, жоўтая. Кормяцца планктонам, бентасам і дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і развядзення.

Сігі: 1 — амурскі; 2 — чудскі; 3 — чыр.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)