КРЫЗ (франц. crise ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант),
раптоўны, адносна кароткачасовы стан хворага, які характарызуецца новымі сімптомамі хваробы ці ўзмацненнем тых, што ёсць. Бывае ў выглядзе атакі, прыступу; найчасцей патрабуе неадкладнай дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЕРНІ́Т,
запаленне пячорыстых цел палавога члена. Праяўляецца высокай т-рай цела, болем, чырванню, прыпухласцю палавога члена; параўнальна хутка фарміруецца гнайнік. Бывае востры (пачатак хваробы раптоўны, ліхаманка, гіперэмія палавога члена з інфільтратам) і хранічны (у пячорыстых целах утвараецца валакністая злучальная тканка, якая дэфармуе палавы член пры эрэкцыі). Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВА́Л,
раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд.м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫФО́Н,
1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.
2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАХО́ДНАСЦЬ КІШЭ́ЧНІКА,
парушэнне нармальнага праходжання змесціва па кішэчніку ў выніку мех. перашкоды ці функцыянальнага парушэння маторыкі кішак. Бывае мех., дынамічная, вострая і хранічная. Мех. падзяляюць на странгуляцыйную (ад завароту кішак, утварэння вузлоў), абтурацыйную (ад глістоў, жоўцевых камянёў, пухлін, спаечных хвароб) і змешаную (пры спаечнай непраходнасці і інвагінацыі). Дынамічная (паралітычная і спастычная) узнікае ад расстройства інервацыі кішэчніка пры перытаніце, нырачных коліках і інш. Прыкметы: раптоўны схваткападобны боль жывата, уздуцце кішэчніка, затрымка стулу і газаў, ірвота. Лячэнне кансерватыўнае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,
раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),
збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЗО́Т (нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),
вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.
Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Вікенцій Іосіфавіч) (15.8.1911, в. Навасёлкі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 3.12.1942),
удзельнік партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). З жн. 1941 ствараў падп. арг-цыі на радзіме. З ліп. 1942 камандзір узвода ў атрадзе імя Катоўскага партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава Мінскай вобл. У час карнай экспедыцыі гітлераўцаў супраць партызан у Капыльскім р-не Д. узначаліў партыз. засаду каля в. Клецішча. 18 партызан на працягу 4 гадзін адбілі 8 атак фаш. батальёна, сарвалі намер ворага нанесці раптоўны ўдар па партыз. брыгадзе, аднак былі акружаны і ўсе загінулі ў баі (гл.Лаўскі бой 1942). У в. Навасёлкі Д. пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на Зжн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш.адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.