КАРА́НДАШАЎ Юрый Мікалаевіч (н. 15.10.1947, г. Волагда, Расія),
бел. вучоны-псіхолаг. Д-рпсіхал.н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1972). З 1977 у БДУ, з 1982 у Бел.пед. ун-це (з 1992 заг. кафедры ўзроставай і пед. псіхалогіі). Даследуе праблемы штучнага інтэлекту, псіхалогіі развіцця, метадалогіі псіхалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАМЫ́КІНА Вера Іванаўна (н. 14.7.1920, Іванаўскія хутары, Яраслаўская вобл., Расія),
гісторык антычнасці. Д-ргіст.н. (1989), праф. (1990). Скончыла Яраслаўскі пед.ін-т (1948). З 1952 у Віцебскім, з 1954 у Магілёўскім пед. ін-тах, з 1957 у Кабардзіна-Балкарскім ун-це. З 1961 у БДУ, у 1962—92 у Мінскім пед. ін-це. З 1993 жыве ў г. Рыбінск. Даследуе гісторыю раннякласавых грамадстваў і пераходны перыяд ад антычнасці да сярэднявечча. Аўтар дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ па гісторыі стараж. свету.
Тв.:
К проблеме истории докапиталистических обществ (на материале Древней Руси). Мн., 1970;
В поисках истины о раннем христианстве. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́ЎСКІ Яўсей Ільіч (31.3.1898, г. Сквіра Кіеўскай вобл., Украіна — 11.10.1968),
расійскі і бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Д-рмед.н. (1940), праф. (1942). Скончыў мед.ф-т 2-га Маскоўскага ун-та (1924). У 1929—37 у Мінскім ваен. шпіталі, адначасова ў Мінскім мед. ін-це (у 1938—41 заг. кафедры). З 1941 у Омскім мед. ін-це. Навук. працы па отанеўралогіі, хваробах вуха, горла і носа ў дзяцей, склероме.
Тв.:
Возрастная морфология височной кости и заболевание среднего уха в раннем детстве. Омск, 1946;
Методы исследования носа, глотки и гортани // Руководство по оториноларингологии. М., 1960. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІКО́ЎСКАЯ Вольга Мікалаеўна (н. 14.9.1921, г. Сасава Разанскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Канд.гіст.н. (1965). Скончыла Маскоўскі ун-т (1946). З 1946 працуе ў Ін-це археалогіі Рас.АН. У 1951—61 вывучала помнікі археалогіі паўд.-ўсх. Беларусі (Борхаў, Гарошкаў, Глыбаў, Калочын, Мілаград, Мохаў і інш.). На іх падставе вылучыла мілаградскую культуру. Даследавала абарончыя ўмацаванні, жытлы, гасп. пабудовы і вырабы прыкладнога мастацтва гэтай культуры, вызначыла культ.гандл. сувязі носьбітаў культуры з інш. плямёнамі. Распрацавала пытанні храналогіі культуры, звязала яе насельніцтва з неўрамі, якіх лічыць славянамі.
Тв.:
Древнейшие городища Южной Белоруссии // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АНСССР. М., 1957. Вьш. 70;
Могильник милоградской культуры в дер. Горошков в Южной Белоруссии // Сов. археология. 1962. № 31;
О взаимосвязи милоградской и зарубинецкой культур в Южной Белоруссии // Там жа. 1963. № 1;
Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАЭКАЛО́ГІЯ (ад палеа... + экалогія),
раздзел палеанталогіі і экалогіі, што вывучае ўмовы пражывання, спосабы жыцця, узаемаадносіны арганізмаў геал. мінулага паміж сабою і з навакольным асяроддзем, іх гіст. змены. Даследуе выкапнёвыя флоры, фауністычныя комплексы, рэшткі, адбіткі і біягліфы арганізмаў асобных відаў, папуляцый і згуртаванняў (арыктацэнозы), арганагенныя горныя пароды і пабудовы і інш. Звязана з палеаіхналогіяй, тафаноміяй, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, літалогіяй, палеакліматалогіяй і інш. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў стратыграфіі, рэканструяванні палеагеагр. абставін (напр., палеаклімату), умоў асадканамнажэння і ўтварэння некат. карысных выкапняў і інш.
Як навука П. ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (заснавальнік — У.А.Кавалеўскі). Уклад у яе развіццё зрабілі Л.Дало, аўстр. вучоны А.Абель, ням. І.Вальтэр, рус. — М.І.Андрусаў, А.П.Карпінскі, М.М.Якаўлеў і інш.
На Беларусі палеаэкалагічныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. (А.В.Фурсенка, вывучэнне дэвонскіх адкладаў Прыпяцкага прагіну). Праводзяцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (А.С.Махнач, С.А.Кручак, Л.І.Мурашка, Я.К.Яловічава і інш.) і Бел. геолагаразведачным НДІ (В.К.Галубцоў, Г.І.Кеда, В.І.Пушкін і інш.). Даследаваны палеаэкалагічны стан у перыяды кембрыю, ардовіку, сілуру, дэвону, карбону, юры, мелу, неагену, антрапагену.
Літ.:
Геккер Р.Ф. Введение в палеоэкологию. М., 1957;
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ Гаўрыла Іванавіч (10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),
бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогіі і бел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад.АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел.с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял.Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-тгеал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену і інж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская і інш.ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы і інш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі і археал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.
Тв.:
Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;
Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;
Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;
Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;
Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;
Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.
Літ.:
Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АНБССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕАГРАФІЯ
На Беларусі першыя палеагеаграфічныя даследаванні праводзіліся ў 1920—30-я г. (М.Ф.Бліадухо, А.П.Карпінскі, Ф.В.Лунгерсгаўзен, П.А.Туткоўскі і інш.). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты па адкладах верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою (В.С.Акімец, А.П.Брунс, Л.М.Вазнячук, В.К.Галубцоў, С.С.Маныкін, А.С.Махнач, І.В.Міцяніна, Л.С.Пятроў, А.В.Фурсенка, М.М.Цапенка, С.В.Ціхаміраў і інш.). У сувязі з вывучэннем розных бакоў фізіка-геагр. умоў геал. мінулага тэр. краіны ўзніклі розныя кірункі палеагеагр. даследаванняў: палеабіягеаграфічны (Т.Р.Абухоўская, В.І.Аўхімовіч, Ф.Ю.Велічкевіч, П.І.Дарафееў, Г.І.Кеда, Н.А.Махнач, Т.В.Якубоўская і інш.), палеаэкалагічны (С.Ф.Зубовіч, П.Ф.Каліноўскі, С.А.Кручак, А.М.Матузка, В.І.Пушкін, А.Ф.Санько, Г.К.Хурсевіч і інш.), палеакліматычны (Э.А.Высоцкі, В.П.Зярніцкая, Т.Б.Рылова, Я.К.Яловічава і інш.), тэрыгенна-мінералагічны (В.І.Абраменка, Л.Ф.Ажгірэвіч, Я.І.Аношка, С.Дз.Астапава, С.Г.Драмашка, В.П.Курачка, М.М.Лявых, Э.А.Ляўкоў, А.В, Мацвееў, Л.І.Мурашка, І.І.Ур’еў, У.І.Шкуратаў, С.Л.Шымановіч і інш.), палеапатамалагічны (М.А.Вальчык, Г.І.Гарэцкі, М.Я.Камароўскі і інш.), палеавулканалагічны (М.В.Вераценнікаў, В.П.Корзун, Я.А.Нікіцін, Л.Ф.Штэфан і інш.), палеатэктанічны (Р.Я.Айзберг, В.М.Бескапыльны, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, У.Я.Кажэнаў, В.С.Канішчаў, А.К.Карабанаў, К.М.Манкевіч, В.А.Масквіч, М.А.Нагорны, А.М.Сінічка, У.І.Таўсташэеў і інш.), палеагеамарфалагічны (С.М.Абравец, Л.А.Дземідовіч, З.Л.Пазнякевіч, І.А.Слабадзянюк і інш.), геахімічны (У.Я.Бардон, У.А.Кузняцоў, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Л.І.Матрунчык і інш.), ізатопнагеахімічны (І.Л.Коласаў, А.А.Махнач, М.Дз.Міхайлаў і інш.). У выніку праведзеных даследаванняў складзены карты па розных палеагеагр. кірунках, дэталізаваны па асобных стратыграфічных адзінках (сістэмах, аддзелах, ярусах, гарызонтах). Яны ўвайшлі ў Атлас палеагеаграфічных карт (1990) і Нац. атлас Беларусі (2002). Выдадзены шэраг абагульняльных манаграфій. Палеагеагр. карты на тэр. краіны выкарыстоўваюцца як аснова пры пошуках карысных выкапняў (нафты, газу, вугалю, каменнай і калійных солей, баксітаў, фасфарытаў, алмазаў, полімінер. россыпаў, мінер. і пітных вод і інш.).
Літ.:
Голубцов В.К., Махнач А.С. Фации территории Белоруссии в палеозое и раннем мезозое. Мн., 1961;
Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗНЫ ВЕК
Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.
Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас.Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр.цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач.н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст.н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст.н.э. на тэр.Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст.н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал. век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст.н.э.Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.
Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс.н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.
З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.
У 5—6 ст.н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст.н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст.н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.
Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.В.Сядоў, А.Р.Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.
Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст.н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.
У 5—7 ст.н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.
Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст.н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст.н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).
Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.А.Дубінскага, А.Дз.Кавалені, А.М.Ляўданскага, А.А.Рынейскага, І.А.Сербава, В.Р.Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі В.Б.Караткевіч, А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, Г.В.Штыхаў, К.П.Шут і інш.Жал. век даследуюць таксама В.І.Шадыра, з 1980-х г. В.С.Вяргей, М.Ф.Гурын, А.І.Драбушэўскі, А.А.Егарэйчанка, М.І.Лашанкоў, Ю.У.Каласоўскі, А.М.Мядзведзеў, з 1990-х г. В.Г.Белявец, А.М.Бяліцкая, Н.М.Дубіцкая, А.У.Ільюцік, П.М.Падгурскі, А.А.Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.В.Аляксееў, К.В.Каспарава, Ю.У.Кухарэнка.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;
Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;
Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.