АНТЫСЕ́ПТЫКА (ад анты... + грэч. sēptikos гніласны),

комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне патагенных мікробаў у пашкоджаных тканках або арганізме ў цэлым, на папярэджанне або ліквідацыю інфекц. запаленчага працэсу. Пры мясцовай антысептыцы антысептычныя сродкі ўплываюць непасрэдна на інфекцыю ў ране, пры агульнай лек. рэчывы дзейнічаюць праз кроў.

У практыцы выкарыстоўваюць мех. (хірург. апрацоўка раны), фіз. (гіграскапічная павязка, ультрагук, ультрафіялетавыя прамяні), хім. (хлорзамяшчальныя злучэнні, к-ты, шчолачы, спірты і інш. рэчывы, якія знішчаюць ці стрымліваюць развіццё мікробаў, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і фагацытоз), біял. (антыбіётыкі, бактэрыяфагі) і спалучаныя метады антысептыкі. У хірург. практыку антысептыку ўпершыню ўвёў англ. хірург Дж.​Лістэр (1867).

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЯ́ЗКА,

комплекс сродкаў, якія накладваюць на цела хворага пры розных пашкоджаннях і захворваннях. Ахоўвае рану ад інфекцый, вонкавых раздражняльнікаў, падтрымлівае хворую ч. цела ў фіксаваным становішчы. У залежнасці ад функцыян. прызначэння адрозніваюць П. ўмацавальныя (для замацавання перавязачнага матэрыялу на ране), сціскаючыя (гамеастатычныя), якія накладваюць на вобласць пашкоджанага сасуда, каб спыніць крывацёк і імабілізуючыя (для ўтрымання пашкоджанай ч. цела ў вызначаным становішчы). Сярод умацавальных П. часцей ужываюць бінтавую, таксама безбінтавую — клеявую, лейкапластырную і інш. Умацавальная П. бывае кругавая (цыркулярная), крыжападобная, коласападобная і інш. Сціскаючыя П. робяць часцей з марлевага бінту. Імабілізуючыя П. падзяляюць на мяккія (спец. эластычныя прыстасаванні для дадатковай вонкавай фіксацыі суставаў пры пашкоджанні звязкавага апарату), зацвердзявальныя (для працяглай фіксацыі пры пераломах, дэфектах і пашкоджаннях, гнойных працэсах; найб. пашыраны гіпсавыя) і шынныя (для фіксацыі ўчасткаў цела хворых пры транспарціроўцы). Пры аказанні першай дапамогі ў якасці шын выкарыстоўваюць дошкі, рэйкі і інш. Робяць П. паводле правіл дэсмургіі.

М.​В.​Шчавелева.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),

амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.​Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.​Р.​Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.​Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл. гл. таксама да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.

Літ.:

Гольдштейн А.Ф. Ф.​Л.​Райт. М., 1973.

С.​А.​Сергачоў.

Ф.Л.Райт.
Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)