ДМАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1841, Вільня — ?),

бел. жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЧМА (Амвросій Максімілянавіч) (14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)