Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шавецкае рамяство 1/42
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,
выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.
На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст.рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв. прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш.Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.
Літ.:
Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.
Я.М.Сахута.
Да арт.Такарнае рамяство. Такарны станок.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.Да арт.Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,
вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб.стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬМА́ШНАЕ РАМЯСТВО́,
выраб транспартных гужавых сродкаў. Аб’ядноўвае шэраг функцыянальна блізкіх промыслаў: выраб колаў, калёс, мажар, брычак, саней, вазкоў і інш. Выраб колавых (летніх трансп. сродкаў) больш складаны за выраб палазных (зімовых).
На Беларусі карпусы рабочых вазоў для сваіх патрэб рабілі многія сяляне, а колы для іх часцей куплялі ў майстроў-стальмахоў. Выраб колаў, які патрабаваў высокага майстэрства, спец. прыстасаванняў і інструментаў, часта вылучаўся самаст. промысел, цесна звязаны з рынкам. Вытв-сць колаў была дыферэнцыраванай (гнуццё абадоў, выраб калодак, акоўка колаў). Абады для колаў выраблялі з гнуткіх парод драўніны — дубу, вязу, клёну. Загатоўкі для абадоў папярэдне распарвалі ў парні ці лазні і нулі на гбале (бабе). Тым жа спосабам нулі дугі і санныя палазы на гбалах адпаведнай формы. Сагнутыя абады звязвалі па канцах і сушылі каля 2 тыдняў.
Калодкі для колаў выраблялі з бярозы-чачоткі, радзей — з дубу ці вольхі. У іх выразалі лапаценем адтуліны пад вось, і вонкавую паверхню апрацоўвалі на такарным станку. Па акружнасці ў сярэдзіне калодкі выдзёўбвалі 4-вугольныя гнёзды для спіц. Спіцы выраблялі з дубу ці ясеню, сушылі і забівалі ў гнёзды сырых калодак. Насаджвалі спіцы звычайна не перпендыкулярна да калодкі, а з некат. нахілам, каб прадухіліць калыванне колаў у час руху. Пасля замацавання спіц на колесні насаджвалі абады. Пярэднія колы рабілі крыху меншымі за заднія. На Беларусі найб. пашыраныя былі абодныя колы. Яны вядомы з часоў Стараж. Русі (раней сустракаліся ў скіфскіх і сармацкіх павозках). Былі і колы неабодныя: архаічныя суцэльнакругавыя (без спіц) і т.зв. звенчаковыя з дубу ці бярозы дугападобныя часткі. Да пач. 20 ст. сялянскія вазы рабілі амаль цалкам з дрэва. Для павелічэння тэрміну службы ў адтуліну кола з двух бакоў забівалі выкаваныя ў кузні жалезныя ўтулкі (буксы), а паверх калодкі надзявалі абручыкі (рэхвы). Выкарыстанне жалезных шын рабіла неабавязковым ужыванне цэласных абадоў. З канца 20 ст. ў рабочых вазах часцей выкарыстоўваюць гумавыя колы. Выцясненне гужавых трансп. сродкаў аўтамабілем прывяло да скарачэння С.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГАЛУ́РУ,
горад на Пд Індыі, у штаце Карнатака. 237 тыс.ж. (1991). Порт на Аравійскім м. (вываз кавы. сандалавай драўніны, вострых прыпраў, копры, жал. руды). Аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., чорная металургія, буд. матэрыялаў, харчовая. Ганчарна-керамічная вытв-сць, перапрацоўка кавы і інш.с.-г. сыравіны. З-дхім. угнаенняў. Саматужнае рамяство (пераважна ткацтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМА́РСТВА,
бел.традыц.рамяство па вырабе раменнай вупражы. Сыравіну для вупражы — сырамяць (сырыца, апрацаваная нядубленая скура буйн. раг. жывёлы) — рыхтавалі самі рымары. Прылады працы для Р.: ціскі (клешчы, столак) для заціску скуры пры шыцці шлей, прэс для ўціскання драўляных частак у скуру пры вырабе падсядзёлкаў, а таксама жал. абцугі, малаток, нож, шыла, іголкі, драўляныя клешчы для хамутоў і інш. Шылі вупраж дратвай ці вузкімі скуранымі паскамі.