РАМО́ ((Rameau) Жан Філіп) (25.9.1683, г. Дыжон, Францыя — 12.9.1764),

французскі кампазітар, арганіст, клавесініст, скрыпач, муз. тэарэтык. Служыў арганістам у саборах Францыі. З 1723 у Парыжы, набыў славу першага арганіста Францыі. З 1745 прыдворны кампазітар. Развіваў заснаваны Ж.Б.Люлі жанр лірычнай трагедыі. У оперы ўзмацніў эмацыянальную выразнасць музыкі, ролю аркестра, увагу да рэчытатыўна-арыёзнай сферы. Аўтар опер, опер-балетаў, балетаў, камедый-балетаў і інш., свецкіх кантат, матэтаў, канцэртаў для клавесіна і камернага ансамбля, п’ес для клавесіна, музыкі для спектакляў і інш. У «Трактаце пра гармонію...» (1722) абгрунтаваў тэрцавую будову акордаў, увёў паняцце «гарманічнага цэнтра» (тонікі), дамінантнай і субдамінантнай функцый.

Літ.:

Адамян А. Эстетика Рамо // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Выд. 2;

Брянцева В.Н. Ж.​Ф.​Рамо и французский музыкальный театр. М., 1981;

Малиньон Ж. Ж.​Ф.​Рамо: Пер. с фр. Л., 1983.

Ж.Ф.Рамо.

т. 13, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рамо Ж. Ф. 7/142, 570; 9/94; 10/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСКУ́РЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сыны Зеўса і Леды, браты Алены, героі-блізняты — смяротны Кастар і бессмяротны Палідзеўк, удзельнікі паходу арганаўтаў. Сімвал братэрскай любві. Культ. Д. першапачаткова існаваў у Спарце, пазней распаўсюдзіўся ва ўсёй Стараж. Грэцыі. У Стараж. Рыме яны былі вядомы як Кастар і Палукс. Міф пра Д. папулярны ў л-ры (Піндар, Тэакрыт, Авідзій), выяўл. мастацтве (вазапіс, П.​П.​Рубенс, А.​Дзюрэр), музыцы (Ж.​Ф.​Рамо, Дж.​Сарці).

Дыяскуры выкрадаюць дачок Леўкіпа. Фрагменты размалёўкі гідрыі. Каля 410 да н.э.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́Т (франц. gavotte),

1) старадаўні франц. нар. танец, напачатку карагодны. Муз. памер 44 ці 22, тэмп умераны. Музыка гавота светлая, вытанчаная, часам з наіўна-пастаральным, радзей урачыстым адценнем. Вядомы з 16 ст. У 17—19 ст. прыдворны танец, грацыёзны і нярэдка манерны. Вядомы і цяпер у франц. правінцыі (асабліва ў Брэтані).

2) Частка інстр. сюіты (у музыцы І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і інш.), радзей самаст. п’еса. У оперу і балет уведзены Ж.​Б.​Люлі. Класічныя ўзоры гавота стварылі Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюк, П.​Чайкоўскі, А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТЛЬ ((Mottl) Фелікс) (24.8.1856, Вена — 2.7.1911),

аўстрыйскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Венскую кансерваторыю, вучань А.Брукнера і інш. З 1881 дырыжор, з 1893 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра ў г. Карлсруэ, з 1903 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра і адначасова (з 1904) адзін з кіраўнікоў Муз. акадэміі ў Мюнхене. Вядомы пераважна як інтэрпрэтатар опер Р.​Вагнера, якімі дырыжыраваў у Байройце («Трыстан і Ізольда», 1886), Лондане («Пярсцёнак нібелунга», 1898), Маскве і Пецярбургу (1910, 1911). Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар стр. квартэта, песень, шматлікіх рэдакцый, апрацовак, арк. і фп. пералажэнняў п’ес Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, К.​В.​Глюка і інш.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБЕРВА́ЛЬ (Dauberval, D’Auberval; сапр. Бершэ; Bercher) Жан (19.8.1742, г. Манпелье, Францыя — 14.2.1806), французскі артыст балета, балетмайстар. Вучань і паслядоўнік рэфарматара танца Ж.Ж.Навера. Дэбютаваў у Парыжскай оперы ў 1761, у 1770—83 яе саліст. Віртуозны танцоўшчык паўхарактарнага жанру. Сярод партый: Паляк («Галантная Індыя» Ф.​Рамо), антрэ Зямлі («Стыхіі» А.​Дэтуша), Крэон («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа). У 1789—92 выступаў і ставіў балеты ў Бардо (Францыя) і Лондане. Яго лепшы балет «Марная перасцярога» на зборную музыку (1789) захаваўся ў рэпертуары да нашага часу. Сярод інш. пастановак: «Пігмаліён» Ж.​Ж.​Русо, «Дэзерцір» на муз. П.​А.​Мансіньі, «Легкадумны паж», «Тэлемак на востраве Каліпса». У творчасці спалучаў танец з пантамімай, шырока выкарыстоўваў нар. і быт. танец.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л-БАС (ням. Generalbaß літар. агульны бас),

баса кантынуа, лічбаваны бас, спосаб запісу муз. сугуччаў лічбамі пры басовым голасе, на аснове якога выканальнік стварае акампанемент; аснова вучэння аб гармоніі. Умоўнасць запісу дае выканаўцу-арганісту (клавесіністу) свабоду ў выбары дэталей фактуры, магчымасць імправізацыі. Генерал-бас як тып суправаджэння склаўся ў Італіі ў 2-й пал. 16 ст. Яго пашырэнне звязана з развіццём гамафоніі ў еўрап. музыцы 2-й пал. 16 — 1-й пал. 18 ст. Узоры генерал-баса сустракаюцца ў творах К.​Мантэвердзі, Г.​Шутца, Г.​Пёрсела, А.​Карэлі, А.​Вівальдзі, Ж.​Ф.​Рамо, І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля і інш. Лічбаваны спосаб запісу партыі акампанементу адрадзіўся ў джазе і эстр. музыцы.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРДА́НС (франц. contredanse ад англ. country dance літар. вясковы танец),

старадаўні англійскі парна-масавы танец. Упершыню ўпамінаецца ў л-ры пад 1579. Выконваецца любой колькасцю пар, якія ўтвараюць круг або 2 процілеглыя лініі. Муз. памеры ​2/4 і ​6/8. У 18—19 ст. пашыраны ў Еўропе, у т. л. ў Расіі. Яго шматлікія разнавіднасці: кадрыля, гросфатэр, экасез, англез, тампет, лансье, катыльён, матрэдур і інш. Асн. рухі: слізготны крок, балансе, па дэ баск і інш. Мелодыі К. выкарыстоўвалі кампазітары як тэмы варыяцый, у балетах — як заключны нумар (Л.​Бетховен, Ж.​Ф.​Рамо і інш.). У 19 ст. страціў папулярнасць, але захаваўся ў нар. побыце (Англія, Шатландыя); у 20 ст. адраджаецца.

т. 8, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЭР, Ланер (Lander) Гаральд

[сапр. Стэўнсборг (Stevnsborg) Альфрэд Бернхарт; 25.2.1905, Капенгаген — 14.9.1971],

дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог. З 1913 вучыўся ў школе Каралеўскага дацкага балета (у 1932—51 яе кіраўнік), у 1927—29 у ЗША у М.Фокіка. Вывучаў рус. і мексіканскія нар. танцы. З 1923 характарны танцоўшчык, з 1929 саліст, у 1931—51 кіраўнік Каралеўскага дацкага балета. Паставіў больш за 30 балетаў на муз. Ф.​Пуленка, К.​Рысагера, Ж.​Ф.​Рамо і інш. З 1953 выкладчык, у 1956—63 кіраўнік школы Парыжскай оперы. Адначасова працаваў у інш. краінах. У 1964 стварыў студыю ў Парыжы. Яго спектаклі на нац. сюжэты былі насычаны нар. танцамі. У лепшым з пастаўленых ім балетаў — «Эцюды» на муз. К.​Чэрні (1948) па-новаму выкарыстаў выразныя сродкі класічнага танца.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНУЭ́Т (франц. menuet ад menu маленькі, дробны),

старадаўні французскі нар. танец. Узнік як карагодны ў правінцыі Пуату. У 17—19 ст. пашыраны ў Еўропе як прыдворны бальны танец. Муз. памер 3-дольны (пераважна ​3/4). Выконваўся паводле пэўных схем у выглядзе літар S і Z, надзвычай цырымонны, урачысты, з мноствам паклонаў і рэверансаў. Паступова М. змяняўся, тэмп станавіўся больш хуткім, рухі ўскладняліся. Значна паўплываў на бальную і сцэн. харэаграфію. Класічныя ўзоры самастойнай інстр. формы М. стварылі Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, Ф.​Куперэн. М. як частка інстр. сюіты, партыты, дывертысменту, серэнады, 3-я частка класічнай сімфоніі, 4-часткавай санаты трапляецца ў творах І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, кампазітараў мангеймскай і венскай класічнай школ. З канца 19 ст. як інстр. форма выкарыстоўваецца рэдка.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)