штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.І.Пракаповіч (1814).
Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.
На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАШУКА́ЛЬНІК,
прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.
Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.
Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),
высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТНЁРСТВА ДЗЕ́ЛЯ МІ́РУ (ПДМ),
ваенна-палітычная праграма НАТО, дэклараваная мэта якой — умацаванне стабільнасці і бяспекі на Еўрап. кантыненце. Прынята на сесіі НАТО (1994). У ПДМ удзельнічаюць 46 дзяржаў (2000), у т. л. Рэспубліка Беларусь. Праграма накіравана на развіццё ваен. супрацоўніцтва паміж НАТО і дзяржавамі-партнёрамі, паглыбленне ўзаемадзеяння, павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці ўзбр. сіл, забеспячэнне транспарэнтнасці працэсаў нац.ваен. планавання, фарміраванне ваен. бюджэту і развіццё дэмакр. кантролю над узбр. сіламі. Рабочы орган — Ваен.-паліт. кіраўнічы к-т. Ваен. аспекты супрацоўніцтве ў рамках ПДМ забяспечвае Рабочая група па ваен. супрацоўніцтве, якая з’яўляецца кансультатыўным органам Ваен.к-таНАТО. Пункт па каардынацыі партнёрства (размешчаны ў г. Монс, Бельгія) ажыццяўляе планаванне і падтрымку ўзаемадзеяння НАТО з дзяржавамі-партнёрамі, каардынуе іх сумесную ваен. дзейнасць. Складаецца з ваеннаслужачых НАТО і прыкамандзіраваных афіцэраў з дзяржаў-партнёраў. З 1997 усе дзяржавы-партнёры з’яўляюцца чл. Савета еўраатл. партнёрства, а некаторыя з іх удзельнічаюць у т.зв. пашыранай і больш аператыўнай ПДМ, якая прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва альянсу з асобнымі дзяржавамі-партнёрамі. Дзяржава, што жадае далучыцца да ПДМ, падпісвае Рамачны дакумент, які вызначае асн. прынцыпы супрацоўніцтва, і прадстаўляе ў штаб-кватэру НАТО Прэзентацыйны дакумент (Рэспубліка Беларусь прадставіла ў лют. 1996), у якім вызначае фармат свайго супрацоўніцтва ў рамках ПДМ і вылучаныя для гэтага сілы і сродкі. У адпаведнасці з гэтым дакументам кожная дзяржава рыхтуе Індывідуальную праграму партнёрства (ІПП), якая разлічана на 2 гады і штогод удакладняецца. Дзяржава-партнёр можа на двухбаковай аснове падпісваць з НАТО Пагадненне, якое вызначае прававы статус знаходжання замежных вайск. кантынгентаў на нац. тэрыторыі. У сувязі з дзеяннямі НАТО супраць Югаславіі Рэспубліка Беларусь прыпыніла свой удзел у ПДМ.