Раманскі стыль 1/475; 3/229, 443; 9/88—89 (укл.), 90—91; 10/94, 638

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,

стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх. ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.

Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.

На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.
Да арт. Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ-МА́Н (Le Mans),

горад на ПнЗ Францыі, на р. Сарта. Адм. ц. дэпартамента Сарта і гал. горад гіст. вобл. Мэн. 148 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: аўта- і авіябуд., тэлевізійная, тэкст., хімічная. Маст. музей. Раманскі сабор (11—12 ст) і цэрквы (10—14 ст.).

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРТГЕ́МПТАН (Northampton),

горад у Вялікабрытаніі, адм. цэнтр графства Нартгемптаншыр, на р. Нін. Вядомы з 914. 184 тыс. ж. (1991). Прам-сць: гарбарна-абутковая, машынабудаванне (абсталяванне для абутковай прам-сці, пад’ёмна-трансп. землярыйнае, аўта- і авіядэталі), радыёэлектроніка. Раманскі сабор (11—12 ст.), інш. арх. помнікі 12 і 17 ст.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІНА (Žilina),

горад на ПнЗ Славакіі, на р. Ваг. Каля 100 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., швейная, цэлюлозна-папяровая, хімічная. Музей транспарту. У 15 ст. адзін з цэнтраў гусіцкага руху. Касцёлы: раманскі св. Стэфана (13 ст.), раманска-гатычны (15—16 ст.). Турысцкі цэнтр сярэднягорнага раёна Малой Фатры.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РМА (Parma),

горад на Пн Італіі, на р. Парма, прытоку р. По. Адм. ц. правінцыі Парма. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Першапачаткова этрускае, затым гальскае паселішча. Каля 180 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, парфумерная, харч., у т. л. сыраварная. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1065). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Пінакатэка. Музеі. Тэатры. Арх. помнікі: раманскі сабор (11—12 ст.), раманска-гатычны баптыстэрый (1196—1307), рэнесансавыя цэрквы (15—17 ст.) і інш. Штогадовыя міжнар. выстаўкі кансерваў.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Мікалай Лявонцьевіч) (13.7.1813, С.-Пецярбург — 23.12.1898),

рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1836), выкладаў у ёй (з 1857 праф.). Дабудоўваў буйныя ансамблі, у т. л. Пецяргоф (цяпер Петрадварэц, 1848—59), па-майстэрску імітаваў розныя гіст. стылі — неаготыку (будынак пошты, 1850), неабарока (фрэйлінскія дамы, 1847—52, дом Апраксіна, 1858, усе ў Пецяргофе), рэтраспектыўна-рускі (цэрквы ў с. Лісіна-Корпус, 1858, Высокае, 1868, каля Пецяргофа), раманскі (каталіцкая царква Марыі ў Пецярбургу, 1857), тактоўна ўпісваў свае збудаванні ў арх. ансамблі ці паркавыя комплексы («Швейцарскі домік» у Кускове, 1870, Масква). Пабудаваў шэраг чыг. вакзалаў з выкарыстаннем новых метал. канструкцый.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮКА́СЛ, Ньюкасл-эпон-Тайн (Newcastle upon Tyne),

горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі. Адм. ц. графства Тайн-энд-Уір і гал. горад канурбацыі Тайнсайд. Вядомы з апошніх стагоддзяў да н.э. Каля 300 тыс. ж., у межах графства больш за 1,3 млн. ж. (1999). Порт на р. Тайн, паблізу ад яе ўпадзення ў Паўночнае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць катлоў, турбін, горнашахтавага абсталявання, эл.-тэхн., хім., харчовая. База рыбалоўства. Метрапалітэн. Ун-т. Муніцыпальная маст. галерэя. Музей навукі і тэхнікі (экспануецца паравоз Дж.Стэфенсана). Захаваліся рэшткі рымскага вала (2 ст. н.э.), гар. муроў (з 1265), раманскі замак (каля 1080), данжон (1172—77), «Чорныя вароты» (сярэдзіна 13 ст.), познагатычны сабор (каля 1216—1359), ратуша (сярэдзіна 17 ст.).

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст.грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.​Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.​Баўтс, Х.​Босх, П.​Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт. Бельгія, Нідэрланды.

Б.​А.​Зярноў.

Да арт. Нідэрландскае мастацтва. Х.​Босх. Спакушэнне св. Антонія.
Да арт. Нідэрландскае мастацтва. П.​Брэйгель. Сляпыя. 1568.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖ (Cambridge),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на р. Кем. Адм. ц. графства Кембрыджшыр. 106 тыс. ж. (1991). Старадаўні універсітэцкі цэнтр. Прам-сць: эл.-тэхн., прыладабуд. (вытв-сць навук. прылад), паліграфічная.

Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 730 як стараж.-рым. лагер. Пазней англасаксонскае пасяленне. У 1207 атрымаў гар. прывілеі. Стварэнне ў пач. 13 ст. універсітэта (першая група студэнтаў з 1209) вызначыла далейшае развіццё К. як універсітэцкага горада. У час англ. рэвалюцыі 1640—53 К. — важная апора парламенцкіх сіл.

Горад захаваў сярэдневяковую рэгулярную планіроўку і арх. ансамблі каледжаў, згрупаваных вакол прамавугольных двароў з акад. і гасп. пабудовамі. Сярод помнікаў царква-ратонда святой Труны (каля 1101—30, раманскі стыль), капэла Кінгс-каледжа (1446—1515, позняя готыка), б-ка Трыніты-каледжа (1676—84, арх. К.​Рэн), сенат ун-та (1722—30, арх. Дж.​Гібс, абодва класіцызм). Многія будынкі 17—19 ст. імітуюць готыку: б-ка (1642) і капэла (1864—69, арх. Г.​Скот) Сент-Джонс-каледжа і інш. Сярод інш. пабудоў б-ка ун-та (адкрыта ў 1934, арх. Г.​Скот Малодшы). У К. помнік Дж.​Байрану (1830—31, скульпт. Б.​Торвальдсен), Музей Фіцуільяма (1836—45, арх. Дж.​Базеві, неакласіка).

Да арт. Кембрыдж. Уваход у Сент-Джонс-каледж.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)