Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕ́ННЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
біягенныя пароды, біяліты, асадкавыя горныя пароды, складзеныя з рэшткаў жывёльных і раслінных арганізмаў або прадуктаў іх жыццядзейнасці. Паводле рэчыўнага саставу падзяляюцца на карбанатныя (вапнякі), крамяністыя (дыятаміт, радыялярыт і інш.), фасфатныя (ракушачнік, касцяныя брэкчыі, гуана), вугляродзістыя (выкапнёвыя вугалі, гаручыя сланцы, нафты, цвёрдыя бітумы) пароды (гл. таксама Арганагенныя пабудовы). На тэр. Беларусі да арганагенных горных парод належаць нафта, бурыя вугалі, гаручыя сланцы, торф, мелавыя пароды і інш.
Літ.:
Логвиненко Н.В. Петрография осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984;
Неотектоника и полезные ископаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984.
т. 1, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́Н
(франц. béton ад лац. bitumen горная смала),
штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).
Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.
На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).
т. 3, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)