Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІРАКЕ́ТНАЯ АБАРО́НА (ПРА),
комплекс сіл і сродкаў, а таксама мерапрыемствы і баявыя дзеянні па адбіцці ракетна-ядз. ўдару шляхам паражэння ракет і іх баявых частак на траекторыі палёту. У склад сістэмы ПРА уваходзяць: сродкі далёкага выяўлення балістычных ракет, проціракетныя комплексы рознай далёкасці дзеяння, комплекс вылічальных сродкаў, сродкі перадачы інфармацыі. Асн. этапы выканання баявой задачы: выяўленне ракет у палёце і іх распазнанне, вызначэнне параметраў траекторый руху ракет, іх перахоп і знішчэнне, у т. л.проціракетамі. Адрозніваюць сістэмы ПРА: тэрытарыяльную (абарона краіны), занальную (абарона буйных раёнаў), аб’ектавую (абарона адм., прамысл. і ваен. аб’ектаў), вайсковую (абарона войск). З 1980-х г. у некат. краінах у мэтах ПРА распрацоўваецца касмічная зброя. (Гл.Стратэгічная абаронная ініцыятыва.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць функцыянальна звязаных тэхн. сродкаў і сістэм для пуску ракет і кіравання іх палётам. Уключае ракеты, пускавыя ўстаноўкі і наземнае абсталяванне: сродкі транспартавання ракет, часовага іх захоўвання ў розных ступенях гатоўнасці, перагрузкі, прыцэльвання і пуску, апаратуру знаходжання і суправаджэння цэлей, навядзення на іх ракет.
Бываюць: баявыя (стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; зенітныя, процітанкавыя, процілодачныя і інш.; гл.Зенітны ракетны комплекс, Процітанкавы ракетны комплекс), даследчыя (касм., метэаралаг., геафіз. і інш.) і вучэбныя; наземныя (стацыянарныя, паўстацыянарныя, рухомыя), карабельныя (надводныя, падводныя) і авіяц. (самалётныя, верталётныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм. — стартавага комплексу.
Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.
Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.
С.Б.Мілаванаў.
Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНДЗІ́РАВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,
даследаванне вертыкальнага (найб. пашырана) або гарызантальнага (эпізадычна) размеркавання т-ры, вільготнасці, ціску паветра, сонечнай радыяцыі і інш. параметраў атмасферы. Праводзіцца з дапамогай самалётаў, аэрастатаў, радыёзондаў, метэаралагічных ракет і метэаралагічных спадарожнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯСЕ́ЦК,
касмадром у Архангельскай вобл.Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗнавук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л.«Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ«Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗінш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІТА́НКАВЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС (ПТРК),
сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для паражэння браніраваных цэлей процітанкавымі кіроўнымі ракетамі; від процітанкавага ўзбраення. У ПТРК уваходзяць: пускавая ўстаноўка, ракеты, апаратура абслугоўвання і праверкі. Пускавая ўстаноўка складаецца з апаратуры прыцэльвання, фарміравання і перадачы каманд кіравання ракеце. Бываюць пераносныя, буксіравальныя, самаходныя (у т. л. на базе танкаў), верталётныя і інш.; паводле сістэмы кіравання — ручныя, паўаўтаматычныя, аўтаматычныя; паводле скорасці палёту ракет — дагукавыя, звышгукавыя. У пераносных ПТРК далёкасць пуску ракет 40 м — 3 км, у самаходных і верталётных — да 5 км.
Г.М.Грысенка, Р.І.Флярко.
Пераносны процітанкавы ракетны комплекс 9К 111 «Фагот» (СНД).