ША́БЕЛЬНІК (Comarum),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Ш. балотны (C. palustre), нар. назвы балотная ружа, ракаўнік, бацяновы ножкі. Трапляецца на нізінных балотах і забалочаных лугах, па берагах рэк і азёр.

Ш. балотны — шматгадовая травяністая расліна з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцябло прыўзнятае, у верхняй ч. ўкрытае валаскамі і залозкамі. Лісце доўгачаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі цёмна-чырв. па 2—5 у шчыткападобным суквецці. Плод — шматарэшак. Лек., меданосная, дубільная і фарба вальная расліна.

Шабельнік балотны.

т. 17, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)