РАЗРА́ДНЫЯ КНІ́ГІ,

«гасударавы разрады», кнігі запісаў распараджэнняў урада Расіі пра штогадовыя прызначэнні на ваен., цывільную і прыдворную службу ў 16 — пач. 18 ст.; зборы (зводы) вытрымак з розных афіц. дакументаў. Вяліся дзякамі велікакняжацкай (з 1547 царскай) канцылярыі, потым Разраднага прыказа. «Гасударавы разрады» складаліся кожны раз за некалькі гадоў або дзесяцігоддзяў, з 1613 — штогод. Пасля 1613 з’явіліся новыя віды афіц. Р.к. (захаваліся за 1613—36), прысвечаныя ў асн. апісанню службы на паўд. межах, скарочаная рэдакцыя Р.к. 1636 (з тэкстам за 1550—1636) і інш. Пры скасаванні месніцтва (1682) большасць старых Р.к. спалена, бо іх звычайна выкарыстоўвала ў месніцкіх спрэчках служылая знаць. Канчаткова вядзенне Р.к. спынена пасля ліквідацыі Разраднага прыказа (1711).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДНІК электрычны,

прыстасаванне (апарат, прылада) у выглядзе 2 ці некалькіх электродаў, раздзеленых дыэлектрычным прамежкам (паветрам, газам, цвёрдым целам). Пры павышэнні напружання да пэўнага (прабойнага) значэння прамежак паміж электродамі прабіваецца эл. разрадамі, што прадухіляе ў эл. абсталяванні прабой ізаляцыі паміж праваднікамі.

Вентыльны Р. мае шэраг іскравых прамежкаў, паслядоўна з якімі ўключаны нелінейныя рэзістары; прызначаны для аховы ізаляцыі электраабсталявання ад атм. і камутацыйных перанапружанняў. У трубчастым Р. іскравы прамежак размешчаны ў канале трубкі, зробленай з ізаляцыйнага газагенерыруючага матэрыялу (газ, вылучаны пры разрадзе, гасіць дугу). Трубчасты Р.: выкарыстоўваецца ў асн. для аховы паветраных ЛЭП ад перанапружанняў. Існуюць таксама Р.: газавы (для аховы апаратуры правадной сувязі), імпульсны (у імпульсных прыладах), кіравальны (у імпульсных мадулятарах), рэзанансны (у антэнных камутатарах радыёлакацыйных станцый) і інш.

Разраднікі: а — вентыльны (1 — разрадныя іскравыя прамежкі; 2 — ізалюючыя дыскі); б — фібрабакелітавы трубчасты (1 — пробка са стальным каўпаком; 2 — электрод, 3, 4 — фібравая і гетынаксавая трубкі); в — кіравальны іскравы (1 — кіроўны электрод; 2 — асноўныя электроды).

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАПРАЦЭ́САР (англ. microprocessor),

электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл. Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр. працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.

Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш. выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес. ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасці цэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.

Літ.:

Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.

М.​М.​Далгіх.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЦІ́НІЦА,

будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.

Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.

У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел. ваен. акругі (1941, арх. Г.​Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.​Баданаў, Г.​Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.​Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш. Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).

В.​І.​Анікін.

Гасцініца «Еўропа» ў Мінску. Пач. 20 ст.
Гасцініца «Гродна» ў Гродне. 1985.

т. 5, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)