КАМЕРЦЫ́ЙНЫ РАЗЛІ́К,
метад вядзення гаспадаркі шляхам сувымярэння ў грашовай форме затрат і вынікаў гасп. дзейнасці. Асн. мэта — атрыманне максімуму прыбытку пры мінім. затратах. У адрозненне ад гаспадарчага разліку К.р. прадугледжвае абавязковае атрыманне прыбытку і рэнтабельнасці, дастатковай для далейшага гаспадарання. Пры К.р. суб’екты гаспадарання маюць права размяркоўваць атрыманую выручку ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг), фарміраваць і выкарыстоўваць вытв. фонды, самастойна знаходзіць крыніцы пашырэння вытв-сці, выпускаць акцыі, аблігацыі і інш. Суб’екты фін. адносін нясуць эканам. адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі, спажыўцамі, дзяржавай, банкамі; фін. адносіны прадпрыемстваў вызвалены ад дробнай рэгламентацыі з боку дзяржавы.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),
у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.
Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУПНЫ РАБО́ЧЫ, сукупны работнік,
паняцце, якое характарызуе якасць і ўзровень развіцця рабочай сілы; сукупнасць працаўнікоў, грамадская камбінацыя індывід. рабочых сіл, якія непасрэдна ці апасродкавана ўдзельнічаюць у вытв. працэсе, ствараючы пэўныя спажывецкія вартасці. У С.р. адрозніваюць 2 бакі: па змесце ён — элемент прадукц. сіл грамадства, які гістарычна абумоўлены пэўным характарам працэсу працы (рамесным, машынным і інш.), узроўнем падзелу працы, характарам і памерам выкарыстаных сродкаў вытв-сці; па форме ўключае ў сябе сістэму вытв. адносін, у якія ўступаюць члены С.р. з уласнікам сродкаў вытв-сці. Дае магчымасць рацыянальна размяркоўваць работнікаў па вытв. і дапаможных функцыях у залежнасці ад іх здольнасцей, эканомна выкарыстоўваць іх працу.
т. 15, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
А.П.Дубіна.
т. 2, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)