ДЭЗАРГАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэз... + арганізацыя),
парушэнне парадку, дысцыпліны, нармальнай дзейнасці ў якой-н. справе, рабоце; беспарадак, разладжанасць, развал.
т. 6, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ СОВРЕМЕ́ННИК»,
літаратурна-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца з 1964 у Маскве на рус. мове штомесячна. Узнік як працяг альманаха «Год...», засн. М.Горкім у 1933, і альманаха «Наш современник» (1956—63). Мае раздзелы: «Паэзія», «Проза», «Памяць», «Нарыс і публіцыстыка», «Крытыка», «Кніжны развал», «Слова чытача», «Дзённік сучасніка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Выступае за адзінства ўсх,слав. народаў. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, артыкулы па праблемах жывапісу, мемуарыстыкі, кінематографа і інш. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны творы Ф.Абрамава, Ю.Бондарава, В.Бялова, С.Вікулава, К.Ваншэнкіна, Г.Гарбоўскага, Г.Гусева, Ю.Кузняцова, У.Лічуціна, І.Ляпіна, Ю.Нагібіна, В.Пікуля, П.Праскурына, А.Праханава, А.Прыстаўкіна, В.Распуціна, М.Рубцова, У.Салаухіна, В.Сарокіна, М.Трапкіна, У.Цендракова, М.Шатрова, В.Шукшына, А.Яшына і інш. Друкуе творы бел. пісьменнікаў (У.Глушакова, В.Лукшы, І.Навуменкі, Г.Пашкова, А.Савіцкага, Э.Скобелева, І.Шамякіна і інш.). Апублікаваў водгук А.Пушкіна на выдадзены ў 1835 «Збор твораў Георгія Каніскага, Архіепіскапа Беларускага» з прадмовай В.Кожынава «Паэт і праблема адзінства беларусаў, рускіх і ўкраінцаў». Беларусі прысвечаны спец. выпуск (1997, №1). Гал. рэдактары: В.Палтарацкі (з 1956), Б.Зубавін (з 1958), Вікулаў (з 1968), С.Куняеў (з 1989).
А.В.Спрынчан.
т. 11, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,
міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс. чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса плана франц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)