Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.Гальніцкага і Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.Дорскага і К.Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага і «Парог» А.Дударава), Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Наташа («Тры сястры» А.Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш.