БУРЖУА́ ((Bourgeois) Леон Віктор Агюст) (25.5.1851, Парыж — 29.9.1925),

дзяржаўны дзеяч Францыі. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 1870—77 дзеяч радыкальна-сацыяліст. партыі. З 1888 дэпутат парламента. З 1890 міністр асветы, замежных спраў, у 1895—96 прэм’ер-міністр. У 1902—04 старшыня палаты дэпутатаў, у 1920—23 — сената. Удзельнік 1-й (1899) і 2-й (1906) Гаагскіх мірных канферэнцый, дзе ўзначальваў камісіі па арбітражы і па мірным вырашэнні міжнар. канфліктаў. Адзін з арганізатараў і старшыня Савета Лігі Нацый (з 1920). Нобелеўская прэмія міру 1920.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАТАЎРА́ЦКІ (Мікалай Мікалаевіч) (26.12.1845, г. Уладзімір, Расія — 23.12.1911),

рускі пісьменнік. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (з 1909). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. Друкаваўся з 1866. Гал. ў творчасці З. — тэма перадрэформеннай вёскі, у адлюстраванні якой выявіўся яго народніцкі светапогляд (аповесці «Сяляне-прысяжныя», 1874—75, «Вясковыя будні», 1879, раман «Асновы», 1878—83). Аповесць «Залатыя сэрцы» (1877) прысвяціў радыкальна настроенай моладзі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. СПб., 1912—13;

Избр. произв. М., 1947;

Устои. М., 1951;

Воспоминания. М., 1956;

Надо торопиться;

Сироты 305 версты. М., 1961.

Літ.:

Семенкин К.Г. Н.​Н.​Златовратский. Ярославль, 1976.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАМЕ́НТНІК НАУКО́ВО-ЛІТЭРА́ЦКІ»

(«Pamiętnik naukowo-literacki», «Навукова-літаратурны дзённік»),

літаратурна-мастацкі альманах радыкальна-дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1849—50 у Вільні на польскай мове Р.А.Падбярэскім. Выйшлі 2 тамы ў 6 кнігах. Падзяляў эстэт. погляды В.​Р.​Бялінскага і натуральнай школы, крытыкаваў ням. ідэаліст. філасофію за адарванасць ад жыцця. Разам з тым сцвярджаў прынцыпы рамантызму, генетычна звязанага з ням. рамант. думкай і філасофіяй Г.​Гегеля. Змясціў творы А.​Адынца, Ю.​Гарайна, Э.​Жалігоўскага, Ю.​Корсака, У.​Сыракомлі і інш. ураджэнцаў Беларусі. Абвінавачаны ў распаўсюджванні «варожага ўраду духу» і ў 1851 забаронены.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 6(19).1 да 22.8(4.9).1906 у Магілёве на рус. мове. Мела намер служыць усеагульнай паліт. свабодзе, выказвалася ў падтрымку нац.-вызв. руху і рэвалюцыі. Змяшчала артыкулы пра ролю розных класаў у рэвалюцыі, выступала з прапагандай марксісцкага погляду на грамадства (арт. «Аб Л.​М.​Талстым і пралетарыяце», «Папулярныя гурткі» і інш.). Давала станоўчую ацэнку творчасці Л.​Андрэева, М.​Горкага, часам суб’ектыўную — Л.​Талстога. Ў аддзеле «Тэатр і музыка» асвятляла культ.-асв. дзейнасць у Гомелі. За падтрымку рэвалюцыі і арганізацыю збору ахвяраванняў для ссыльных газета неаднаразова падвяргалася праследаванням.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,

тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў. Засн. ў 1821 у Пецярбургу членамі б. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821) М.М.Мураўёвым, М.С.Луніным, С.П.Трубяцкім, Я.​П.​Абаленскім, М.​І.​Тургеневым. У 1823 прыняты статут. Узначальвала т-ва дума з 3 чал. Частка членаў т-ва на чале з Мураўёвым выступала за канстытуцыйна-манархічны федэратыўны дзярж. лад Расіі, радыкальна настроеныя члены на чале з К.Ф.Рылеевым падтрымлівалі рэсп. праграму Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Пасля смерці Аляксандра I у абставінах міжцаравання т-ва ўзняло 14(26).12.1825 у Пецярбургу паўстанне. Спыніла існаванне пасля задушэння паўстання.

Літ.:

Мемуары декабристов: Северное общество. М., 1981.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,

група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв. сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.​Грасмані, А.​Гушкоўскі, Ю.​Гарноўскі, М.​Шульц, К.​Эльснер, М.​Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

палітычная арг-цыя ў Ірландыі ў канцы 1846—48. Створана радыкальна настроенай групоўкай т-ва «Маладая Ірландыя» пасля яе разрыву з Асацыяцыяй рыпілераў. Да канца 1847 налічвала каля 11 тыс. чл., да лета 1848 павялічылася (толькі ў Дубліне 40 клубаў аб’ядноўвалі больш за 12 тыс. чал.). Выступала за вызваленне Ірландыі ад англ. панавання, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, знішчэнне сістэмы лендлардызму, перадачу зямлі сялянам. У 1848 пад уплывам рэвалюцый у Еўропе і чартызму ў Англіі адкрыта рыхтавала ўзбр. нац.вызв. паўстанне. Спыніла дзейнасць пасля арышту брыт. ўладамі кіраўніцтва арг-цыі (Дж.Мітчэла, Дж.Ф.Лалара і інш.) і разгрому разрозненых паўстанцаў у гарадах Карык, Уэксфілд, Лімерык.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,

грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.​Талстога, А.​Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.

У.​М.​Конан.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

бел. грамадска-паліт. арг-цыя ў 1917—19. Створана ў маі 1917 пры Мінскім настаўніцкім інстытуце, пераведзеным у г. Яраслаўль, на базе вучнёўскай арг-цыі эсэраўскага кірунку «Наш край». У пачатку дзейнасці арыентавалася на праграму Беларускай сацыялістычнай грамады, з чэрв. 1919 кіраўнік «М.Б.» У.​М.​Ігнатоўскі завочна выбраны ў склад яе ЦК. У 1917—18 падтрымлівала сувязь з Яраслаўскай беларускай радай, праводзіла культ.-асв. работу сярод бел. бежанцаў. Пасля вяртання ін-та ў Мінск у ліст. 1918 увайшла ў склад партыі бел. эсэраў (БПС-Р). Восенню 1919 выступала за ўзбр. барацьбу супраць польскіх акупантаў у саюзе з бальшавікамі. У снеж. 1919 большасць радыкальна настроеных членаў «М.Б.» выйшла з БПС-Р і ў студз. 1920 стварыла Беларускую камуністычную арганізацыю.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ»,

газета прагрэс. кірунку, орган партыі «Вызволене». Выдавалася з 29.1 да 24.6.1923 у Вільні на бел. мове групай радыкальна настроеных дэпутатаў польск. сейма, якія ў 1924 выйшлі з «Вызволеня» і заснавалі Незалежную сялянскую партыю. Выходзіла 1 раз на тыдзень замест закрытай польск. ўладамі газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З пазіцый сял. дэмакратыі крытыкавала ўрад, мясц. адміністрацыю (арт. «Чаго варты ўрад Сікорскага», «Вынікі працы новага ўрада», «Законы, канстытуцыя і некаторыя чыноўнікі»), выкрывала дэпутатаў сейма, якія дагаджалі пануючым класам (арт. «Вітас прадаўся Хісна-Пясту»), прапагандавала ідэю паліт. аб’яднання сялянства на ўзор рабочых. У рубрыцы «Нашы песняры» змясціла нататкі пра Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, вершы, якія мелі актуальнае значэнне ва ўмовах Зах. Беларусі. Выйшла 5 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)