Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЦАрайца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксама мясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ратман, гл.Радца
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТМАН (ням. Ratmann),
выбарны член гар. рады ў сярэдневяковых гарадах Германіі. Пры запазычанні норм нямецкага гар. права (гл.Магдэбургскае права) пасада Р. атрымала на Беларусі назву радца (райца). У Рас. імперыі ў 18—19 ст. Р. — выбарныя члены магістратаў, ратуш і ўпраў благачыній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Райца 9/78, гл.Радца
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКІ,
шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.