Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРАКО́Ў Міхаіл Рыгоравіч
(5.8.1922, в. Радуга Веткаўскага р-на Гомельскай вобласці — 16.1.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Майкопскае бранятанк. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 удзельнік баёў на Паўн. Каўказе, Кубані, Беларусі, у Літве, Усх. Прусіі. У ходзе баёў у Прыбалтыцы ў 1944 танк. рота пад камандаваннем ст. лейт. Батракова прарвала абарону ворага на правым беразе Нёмана каля Каўнаса, адбіла 4 контратакі праціўніка, знішчыла 14 танкаў. Загінуў у баі на тэр. Усх. Прусіі. У в. Радуга яму пастаўлены помнік.
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСТАЦЫЯНА́РНАЯ АРБІ́ТА,
кругавая экватарыяльная арбіта штучнага спадарожніка Зямлі, які раўнамерна рухаецца па ёй з З на У, з перыядам абарачэння 24 гадз; выш. 35 810 км. Рух такога спадарожніка дакладна дапасаваны да вярчэння Зямлі вакол восі, таму ён нерухома вісіць над выбраным пунктам экватара. На арбіты, блізкія да геастацыянарнай арбіты, выводзіліся сав. спадарожнікі «Экран», «Радуга», амерыканскія — сістэмы «Інтэлсат», некат. метэаралагічныя спадарожнікі, апараты для вывучэння знешняй магнітасферы Зямлі і інш.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА,
радуга, аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.
т. 4, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ
(Wasilewska) Ванда Львоўна (21.1.1905, Кракаў — 29.7.1964),
польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-та нац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—55.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)