ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,

вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.​Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.​Гілевіч («Нарач»), Х.​Жычка («Абеліск»), А.​Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.​Сіпакоў («Жанчына») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,

літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: г​сдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣ​т (лѣто), цр​ство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброво​лный, ли​хтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зране​не, спустоше​не), канцавой зычнай у розных граматычных формах (буде​т, поеде​т; даду​т, плачу​т; в ты​х сеножате​х; добро​г, старо​г, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (инди​кт, наме​стникъ, радо​ст). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.

А.​М.​Булыка.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРШАРА́Д,

радок верша, у якім цалкам змяшчаецца схема памеру вершаванага. У большасці паэт. твораў вершарад супадае з вершаваным радком. Але каб рытмічны малюнак верша зрабіць больш разнастайным, вылучыць інтанацыйна асобныя словы і словазлучэнні і гэтым падкрэсліць пэўныя думкі, паэты ў асобных выпадках графічна дзеляць вершарад на некалькі радкоў: «Ой, зіма, // Зіма, // Зіма! // Весялей цябе // Няма» (П.​Броўка, «Зімовыя малюнкі»). Тут 2 вершарады чатырохстопнага харэя падзелены на 5 радкоў.

т. 4, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНА-ДРУКАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.

У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).

Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА І АРХІ́ЎНАЙ СПРА́ВЫ (БелНДІ ДАС) Камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, навукова-даследчая ўстанова. Створаны 11.12.1991 у Мінску на базе Ін-та гіст.-паліт. даследаванняў (да 1996 наз. Бел. н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы). Распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, крыніцазнаўства, вядзення дакументацыі ў органах кіравання, выяўляе шляхі скарачэння і аптымізацыі патокаў дзелавых папер, публікуе дакументы Нац. архіўнага фонду, даследуе на іх аснове гісторыю Беларусі. Аддзелы: дакументазнаўства, архівазнаўства, археаграфіі, аўтаматыз. архіўных тэхналогій, рэдакцыйна-выдавецкі.

Ін-т правёў міжнар. навук. канферэнцыі: «Архівазнаўства, крыніцазнаўства, гістарыяграфія Беларусі: стан і перспектывы» (1993, Мінск), «Армія Краёва на тэрыторыі Заходняй Беларусі (чэрв. 1941 — ліп. 1944 гг.)» (1994, Гродна), «М.​М.​Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі (да 90-х угодкаў вучонага)» (1996, Мінск). Выдаў кнігі «І верш і эпас тэлеграфным радком...» А.​М.​Міхальчанкі, «Рассакрэчаныя архівы» (абедзве 1993), «Расстраляныя, замучаныя, павешаныя: Аб фашысцкім генацыдзе ў Брэсце» У.​П.​Самовіча, «Агнём і мячом: Хроніка польскага нацыяналістычнага падполля ў Беларусі (1939—1953 гг.)» В.​І.​Ермаловіча і С.​У.​Жумара (абедзве 1994), «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941 — 1944)», «Бібліяграфія акупацыйных перыядычных выданняў, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў 1941—1944 гг.» Жумара, «У фонд Перамогі: патрыятычны рух працоўных Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1945 гг.)» А.​Ф.​Макарэвіча, «Рабочы рух у Беларусі (чэрв. 1907 — люты 1917 гг.)» Э.​М.​Савіцкага, «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі» І.​М.​Ігнаценкі, «Дакументы Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Нацыянальнай бібліятэцы і музеях сістэмы Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь: Даведнік» (усе 1995), «Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921—1995)», «Альбом формаў арганізацыйна-распарадчых дакументаў» (абедзве 1996).

А.​Я.​Рыбакоў.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРМІНА́НТ, вызначнік, алгебраічны выраз, складзены паводле пэўнага правіла з n​2 лікаў, дзе n — парадак дэтэрмінанта. Д. квадратнай матрыцы | a11 a12 ... a1n a21 a22 ... a2n . . ... . an1 an2 ... ann | з n​2 элементы aik (i — нумар радка, k — нумар калонкі, 1 ≤ in, 1 ≤ kn) наз. алг. сума ± a1j1 a2j2 ... anjn усіх здабыткаў элементаў гэтай матрыцы, узятых па аднаму з кожнага радка і з кожнай калонкі. Складаемаму a1j1, a2j2 ... anjn прыпісваецца знак «+», калі перастаноўка j1, j2, ..., jn лікаў 1, 2, ... n мае цотную колькасць інверсій, і знак «−», калі колькасць інверсій у ёй няцотная. Напр., Д. 2-га парадку | a11 a12 a21 a22 | = a11   a22 a12   a21 .

Лічаць, што: радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, калі кожны элемент гэтага радка (калонкі) памнажаецца на α; складваюцца 2 радкі (калонкі) Д., калі складваюцца адпаведныя элементы гэтых радкоў (калонак), якія стаяць у адной калонцы (радку); да i-га радка (калонкі) Д. дадаецца яго k-ы радок (калонка), калі i-ы радок (калонка) замяняецца сумай i-га і k-га радкоў (калонак); робіцца лінейная камбінацыя радкоў (калонак) Д., калі кожны i-ы радок (калонка) множыцца на адвольны лік ai і складваюцца атрыманыя радкі (калонкі). Д. мае шэраг уласцівасцей, якія аблягчаюць яго вылічэнне: калі элементы akj k-га радка Д. d ёсць сумы двух складаемых akj = bj + cj, то Д. d роўны суме двух Д. d = d1 + d2, якія адрозніваюцца ад d толькі kрадком: b1, b2 ..., bnk-ы радок Д. d1, c1, c2..., cn k-ы радок Д. d2 калі які-н. радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, то і Д. памнажаецца на α; Д. не зменіцца, калі да якога-н. яго радка (калонкі) дадаецца адвольная лінейная камбінацыя інш. радкоў (калонак); для таго, каб Д. быў роўны нулю, неабходна і дастаткова, каб які-н. яго радок (калонка) быў лінейнай камбінацыяй іншых радкоў (калонак). Тэорыя Д. створана ў асноўным у 2-й пал. 18 ст. і 1-й пал. 19 ст. ў працах матэматыкаў: швейц. Г.​Крамера, франц. А.​Вандэрмонда, П.​С.​Лапласа, А.​Кашы, ням. К.​Гаўса і К.​Якобі. Франц. матэматык Ж.​Дзьеданэ ўвёў паняцце Д. матрыцы над целам (мае важнае значэнне для сучаснай алгебры). Шматлікія дастасаванні Д. да розных пытанняў матэматыкі і фізікі, напр. пры рашэнні лінейных ураўненняў.

Літ.:

Курош А.Г. Курс высшей алгебры. 10 изд. М., 1971;

Артин Э. Геометрическая алгебра: Пер. с англ. М., 1969;

Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984.

Р.​І.​Тышкевіч.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)