РАДЗІ́МЫ ЗНАК, невус, радзімка,
загана развіцця скуры; утварэнне, у састаў якога ўваходзяць невусныя клеткі, што ўтрымліваюць меланіны. Размешчаны часцей на скуры, таксама на слізістых абалонках, кан’юнктыве і ў сасудзістай сятчатцы вока. Зрэдку ў вобласці Р.з. назіраецца рост валасоў. Пры траўмах можа перарадзіцца ў меланому, пры гэтым павялічваецца, ушчыльняецца, мяняе колер.
т. 13, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат. роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)