РАГІ́НСКІ (Сіман Залманавіч) (25.3.1900, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 5.2.1970),

расійскі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1922). У 1923—28 у Днепрапятроўскім горным ін-це, з 1930 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та, з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1961 у Ін-це хім. фізікі АН СССР (заг. лабараторыі), адначасова ў 1943—52 заг. кафедры Маскоўскага ін-та хім. машынабудавання. Навук. працы па гетэрагенным каталізе. Устанавіў сувязь паміж каталітычнымі і паўправадніковымі ўласцівасцямі цвёрдых цел (1938—40), што стала асновай паўправадніковых тэорый каталізу. Прапанаваў мікрахім. тэорыю актыўнай паверхні, тэорыю мадыфікавання каталізатараў (1950). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́НСКІ ((Roginski) Раман) (29.2.1840—15.2.1915),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.

Дз.​М.​Чаркасаў.

С.З.Рагінскі.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рагінскі Р. 12/110

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)