Рагачоў (курорт) 7/211; 9/17, 19

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі, у Гомельскай вобл., за 12 км на У ад г. Рагачоў, на левым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1970. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. воды 2 відаў: хларыдна-натрыевая высокай мінералізацыі (50 г/л) для ваннаў і інш. бальнеапрацэдур і сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая вада малой мінералізацыі (5,5 г/л) на пітное лячэнне; таксама тарфяныя гразі. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органаў руху, гінекалагічныя. Санаторый, водагразелячэбніца, бювет мінер. крыніцы.

Ландшафт курорта Рагачоў.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў (г.) 1/211 (к.), 334, 484; 2/54, 132, 177, 367, 412, 462, 561; 3/310, 467, 525, 557; 4/30, 55, 75, 138, 184, 247, 261, 278, 292, 293, 407, 473; 5/256; 6/214, 323, 466, 600; 7/221, 397; 9/16—17, 18 (к.), 19, 28, 71, 355, 612; 10/335, 473, 515; 11/378, 571, 610, 616, 644

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (2.10.1895, в. Вялікая Раслякоўка Калужскай вобл. — 1.6.1963),

савецкі военачальнік. Контр-адмірал (1941). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1929). На ваен. службе з 1915, удзельнік Маанзундскай абароны ў 1917 (гл. Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну), грамадз. вайны. З 1920 на камандных пасадах у Сібірскай і Амурскай ваен. флатыліях, з мая 1938 нам. камандуючага Амурскай ваен. флатыліяй. У чэрв. 1940 — вер. 1941 камандуючы Пінскай ваеннай флатыліяй, з лют. 1942 — Волжскай ваен. флатыліяй; з ліп. 1943 — камандаваў атрадам караблёў ВМФ на Волзе. У 1944—46 камандзір Кіеўскай ваенна-марской базы Дняпроўскай флатыліі. У 1946—56 на камандных пасадах у ВМФ.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

горад, цэнтр Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. За 121 км ад Гомеля, чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, вузел аўтадарог на Бабруйск, Магілёў, Слаўгарад, Жлобін, прыстань на р. Дняпро. 35,7 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142, уваходзіў, верагодна, у Тураўскае княства. Умацаваны цэнтр стараж. Р. — Замкавая гара — размешчаны на месцы гарадзішча мілаградскай і штрыхаванай керамікі культур. З канца 13 ст. ў ВКЛ, уладанне кн. Доўманта. У 14—18 ст. цэнтр Рагачоўскай воласці, кіраваўся старостам. З 1509 належаў вял. князю. У 16 ст. пабудаваны Рагачоўскі замак з Рагачоўскім палацам. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—57 горад пераходзіў з рук у рукі, пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У канцы 16 ст. ў ваколіцах Р. дзейнічалі казацка-сял. атрады Налівайкі і Дубіны (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр Рагачоўскага павета і Рагачоўскай правінцыі. У 1777—96 і з 1802 у Магілёўскай, у 1796—1802 у Беларускай губ. 16.8.1781 атрымаў герб (у залатым полі чорны барановы рог). У 1880 — каля 4,5 тыс. ж., 560 дамоў, 2 цагельні, канатны, піваварны, мылаварны і 2 гарбарныя з-ды. У 1897—9038 ж. У 1900 працавала 36, у 1913—50 прадпрыемстваў. У 1902 праз Р. пракладзена чыгунка Магілёў—Жлобін. У 1906 адкрыта Рагачоўскае рэальнае вучылішча, пазней Рагачоўская настаўніцкая семінарыя. З мая 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Рагачоўскага раёна Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 — Гомельскай вобл. У 1939 у Р. 15,2 тыс. ж. У 1936—41 і з 1944 дзейнічаў настаўніцкі ін-т. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, 13.7.1941 вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1941. З 14.8.1941 да 24.2.1944 зноў акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 6,3 тыс. чал. Дзейнічала Рагачоўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі 1944 войскамі 1-га Бел. фронту. 13 вайск. часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Рагачоўскіх». У 1959 у Р. 10,2 тыс. ж., у 1970—16 тыс. ж. У 1971 знойдзены Рагачоўскі манетны скарб. З 27.2.1978 горад абл. падпарадкавання.

Першы рэгулярны план (1778) вызначыў дакладную прамавугольную сетку вуліц, якую захавалі генпланы 1947, 1959 і 1971 (Гомельскі філіял ін-та «Белдзяржпраект», арх. Я.​Казлоў, А.​Лебедзеў, інж. М.​Найшулер; карэкціроўка 1984, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Кашырын, Т.​Спірына, інж. Л.​Пірожнік, В.​Пузік). Асн. гар. тэрыторыя размешчана ў міжрэччы Дняпра і Друці (Цэнтр. і Залінейны планіровачныя раёны), часткова на правым беразе Друці (Задруцкі планіровачны раён). Гал. кампазіц. восі — вуліцы Леніна і Кастрычніцкая. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр — пл. імя 60-годдзя Кастрычніка. Пераважае 1-павярховая індывід. забудова сядзібнага тыпу, у цэнтр. ч. будуюць 5-павярховыя дамы. Горад развіваецца паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) пераважна на З (на правым беразе Друці), часткова на ПнУ і Пн. Паводле генплана шматкватэрная забудова размяшчаецца ў планіровачных раёнах №1, 2, 4 (жылы раён «Ляснянка»). Сістэма азелянення горада фарміруецца ўздоўж Дняпра і Друці, ствараецца паркавая зона ў планіровачным раёне №5. Сфарміраваліся паўн. і паўд.-зах. прамысл. зоны.

Працуюць прадпрыемствы харч. (найб. Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў, камбінат буд. матэрыялаў), камбікормавай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» і інш. Дзейнічаюць Рагачоўскае педагагічнае вучылішча, Рагачоўскі музей народнай славы. Брацкія магілы чырвонагвардзейцаў, сав. воінаў, магілы ахвяр фашызму, вайсковыя могілкі. Курган Славы. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры 19—20 ст.: капліца ў неарус. стылі, будынкі дваранскага вучылішча (1903—05), земскай управы (1909), касцёл (у 1912 асвячоны; неаготыка) і інш. Помнік археалогіі — гарадзішча і селішча стараж. Р.

Г.​С.​Ларкін, М.​А.​Найшулер (архітэктура).

Рагачоў. Будынак тэатра. Фота пач 20 ст.
Рагачоў. Будынак земскай управы.

т. 13, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў У. 5/588

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў Я. 4/232

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў В. П. 8/153

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў М. М. 7/409

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рагачоў А. М. 1/470, 570

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)