П’яўкі 6/58, 114; 8/666

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

П’Я́ЎКІ (Hirudinea),

клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.

Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.

Літ.:

Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

Ю.​Р.​Гігіняк.

П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРУДЗІ́Н [ад лац. hirudo (hirudinis) п’яўка],

поліпептыд, які знаходзіцца ў сакрэце слінных залоз мед. п’яўкі. Утвараючы злучэнне з ферментам крыві трамбінам, перашкаджае ўзнікненню фібрыну, чым затрымлівае згусанне крыві. На гэтым засн. выкарыстанне п’явак у медыцыне. Гірудзін валодае болепатольным і процізапаленчым дзеяннем.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida),

анеліды, кальчацы, тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.

Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.

Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАН (франц. cocon),

ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭНХІ́МА (ад грэч. parenchyma напаўненне) у жывёл, 1) спецыялізаваная тканка якога-небудзь органа (напр., залоз, печані, селязёнкі), якая выконвае асн. функцыю гэтага органа. Проціпастаўляецца апорнаму каркасу, які мае ў сабе злучальную тканку; 2) Філагенет. папярэднік сапр. тканкі або злучальная тканка, што фарміруецца з мезадэрмы і запаўняе поласці паміж органамі ў некат. жывёл (напр., плоскія чэрві, п’яўкі). У раслін — асн. тканка, якая мае ў сабе жывыя клеткі амаль аднолькавага памеру і працягласці ў трох вымярэннях (танкасценны многавугольнік). У П. ўтвараюцца спецыялізаваныя (напр., праводныя, мех.) тканкі, ажыццяўляецца асіміляцыя, выдзяленне, назапашванне і інш. Адрозніваюць П., што назапашвае, што паглынае, асіміляцыйную (хларэнхіму), паветраносную (аэрэнхіму). Тканкі П. часам вяртаюцца да мерыстэматычнага стану (здольнасці да дзялення) пры гаенні ран, рэгенерацыі тканак і органаў, утварэнні прыдаткавых каранёў і парасткаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)