П’яны Лес (в.), гл. Сасновае

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕТЫ́СТ (ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),

мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.

Аметыст.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«П’Я́НЫ» ЛЕС,

лес з сагнутымі і нахіленымі (у адзін ці розныя бакі) стваламі дрэў, што часцей абумоўлена дэфармацыямі грунту. Найб. вядомы ўчасткі «П.» л. ў раёнах апоўзняў (напр., правабярэжжа р. Волга ў яе сярэднім цячэнні, Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, паўд. бераг Крыма), абласцях развіцця тэрмакарсту (Цэнтр. Якуція), сходу снегавых лавін, у карставых раёнах са свежымі прасадкамі, праваламі, асяданнямі грунту. На Беларусі сустракаюцца асобныя ўчасткі, прымеркаваныя да зон інтэнсіўнага тэхнагеннага ўздзеяння (напр., паблізу Наваполацкага нафтапрамысл. комплексу).

А.​У.​Суднік.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВАШ ((Darvas) Іожэф) (8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),

венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.

Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.​Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПФІ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 4-радковай антычнай страфы, што складаецца з трох 11-складовых лагаэдычных радкоў (гл. Лагаэд) і чацвёртага 5-складовага. Названа ў гонар стараж.-грэч. паэтэсы Сапфо, якая вынайшла страфу і шырока карысталася ёю. С.с. імкнуўся імітаваць у некат. вершах Сімяон Полацкі. У сучаснай паэзіі ўдалыя ўзоры імітацыі С.с. трапляюцца ў У.​Дубоўкі:

Вечар... П’яны вечар сваволі-траўня...
Вецер косы ночы расплёў, дуронік...
Салавей пяе над ракой, як слаўна!..
 Сны сніць сасоннік...
Гукі тыя, здані той цёмнай ночы
Кроў крынічаць... Млосць захапляе волю...
Спакусіцель-чорт з нас трубой рагоча:
 «Дзе ж твая доля?» («Здані»).

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),

японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.​Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп. т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.​Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БАЦ ((Kabatc) Эўгеніюш) (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб. апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.​Быкава, раман «Людзі на балоце» І.​Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.​Брыль, В.​Рагойша, А.​Клышка, П.​Стэфановіч.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭН ((Benn) Готфрыд) (2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),

нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;

Избр. стихотворения. М., 1994.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́ЎЗЕНЬ,

адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр. ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.

Апоўзень: 1 — пачатковае становішча схілу; 2 — непарушаны схіл; 3 — апоўзневы блок; 4 — паверхня слізгання; 5 — пляцоўка апоўзневай тэрасы; 6 — сцяна зрыву апоўзня; 7 — напорны апоўзневы вал; 8 — урэз ракі.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМБО́ ((Rimbaud) Жан Нікала Арцюр) (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),

французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, А.​Мінкін, Я.​Семяжон, М.​Федзюковіч.

Тв.:

Бел. пер — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;

У кн.: Семяжон Я.​Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

У кн.: Кахаць — гэта значыць... Мн., 1986;

Рус. пер. — Произведения. М., 1988;

Озарения. СПб., 1994.

Літ.:

Карре Ж.М. Жизнь и приключения Жана Артюра Рембо // Рембо Ж.А. Пьяный корабль: Пер. с фр. М., 2000;

Птифис П. Артюр Рембо. М., 2000.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)