перыядычныя прыступы шматдзённага п’янства з прычыны неадольнай цягі да алкаголю. Від З., узнікненне якога звязваюць з глыбокім парушэннем настрою (дэпрэсія, дысфарыя), наз.дыпсаманіяй. У прамежку паміж З. алкаголь не ўжываюць (сапраўдны З.) ці ўжываюць параўнальна памяркоўна (З. пры хранічным алкагалізме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕТЫ́СТ (ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),
мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДА́Н АЙГЕКЦЫ́,
армянскі байкапісец і прапаведнік канца 12 — пач. 13 ст. У свае пасланні і пропаведзі ўвёў байкі-прытчы, якія дасціпна, лаканічна і з’едліва-іранічна выкрывалі п’янства, зладзейства, ліхадзейства, помслівасць і інш. чалавечыя заганы, раскрывалі класавыя супярэчнасці тагачаснага грамадства. Т. зв. «Варданаўскі зборнік» (больш за 500 баек-прытчаў) амаль да 17 ст. дапаўняўся яго паслядоўнікамі. Частка рукапісаў Вардана Айгекцы — у зб. «Лісіная кніга» (Амстэрдам, 1668).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),
англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛЕ́ВІЧ Мануіл, усходнеславянскі драматург і паэт 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1750—54 выкладаў паэтыку і рыторыку ў Смаленскай духоўнай семінарыі. Для школьнага тэатра гэтай семінарыі з пазіцый царк.-рэліг. маралі і хрысціянскіх ідэалаў напісаў сілабічным вершам драму-маралітэ «Дэкламацыя» — тыповы твор школьна-схаласт. драматургіі. Карыстаючыся алегарычнымі і міфічнымі вобразамі, асуджаў п’янства, хцівасць, прадажнасць суддзяў, спачуваў бедным, сцвярджаў думку пра марнасць жыцця, неабходнасць маральнага ўдасканалення чалавека. Мова п’есы стараслав. з беларусізмамі. Паміж дзеяннямі «Дэкламацыі» ставіліся сатыр.-гумарыст. інтэрмедыі на бел. мове «Селянін у касцёле» і «Селянін на споведзі», напісаныя Базілевічам або яго вучнямі.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 61—64;
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 316—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,
разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.
Публ.:
Жартоўныя песні. Мн., 1974.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;
Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;
Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА-АСНАЎЯ́НЕНКА (сапр.Квітка) Рыгор Фёдаравіч
(29.11.1778, с. Аснова, цяпер у межах г. Харкаў, Украіна — 20.8.1843),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. мастацкай прозы. Адзін з заснавальнікаў Харкаўскага прафес.т-ра (у 1812 яго дырэктар). Літ. дзейнасць пачаў у 1816. Пісаў на ўкр. і рус. мовах. У сентыментальна- і бурлескна-рэаліст. апавяданнях і аповесцях 1830-х г. («Маруся», «Козыр-дзеўка», «Шчырае каханне», «Свята мерцвякоў», «Канатопская вядзьмарка» і інш.), а таксама ў «Маларасійскіх аповесцях, расказаных Грыцком Аснаўяненкам» (кн. 1—2, 1834—37), паказаў цяжкія ўмовы жыцця ўкр. сялянства 1-й пал. 19 ст., выкрываў п’янства як сац. зло. Сатырычнае адлюстраванне жыцця і побыту ўкр. дваран, каларытнасць і самабытнасць іх характараў у камедыях «Шальменка — валасны пісар» (1831), «Сватанне на Ганчароўцы» (1836, паст. ў Мінску 1848), «Шальменка-дзяншчык» (1840), раманах на рус. мове «Пан Халяўскі» (1839), «Жыццё і прыгоды Пятра Сцяпанава, сына Столбікава...» (1841) і інш. Асобныя творы К. не пазбаўлены элементаў дыдактызму, хрысціянскай маралі.
Тв.:
Зібрання творів. Т. 1—7. Київ, 1978—81;
Рус.пер. — Проза. М., 1990.
Літ.:
Гончар О.І. Григорій Квітка-Основ’яненко. Київ, 1969;
Луцький Ю.Д. Драматургія Г.Ф.Квіткі-Основ’яненка і театр. Київ, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАНО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Уладзіміравіч; 15.4.1902, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — кастр. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў гімназіі ў г. Чэрвень. З 1921 настаўнічаў, з 1928 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». У 1933 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. З 1933 працаваў у газ. «Уральский рабочий», «Советский Дон». У Вял.Айч. вайну прапаў без вестак на фронце. Друкаваўся з 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «Золак» і «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929). У апавяданнях, абразках, допісах і нататках выкрываў цемру, прымхі, п’янства, заклікаў моладзь разгортваць асв. работу. Жыццё і побыт старой і новай вёскі, цяжкая доля вясковай жанчыны, станаўленне новага чалавека, грамадз. вайна — тэмы апавяданняў 1920—30-х г., аповесцей «Мяцеліца», «У паўстанцаў» (абедзве 1930) і інш. Пераадольваючы наіўную рамантызацыю, маралізатарства, захапленне маладнякоўскай паэтыкай, авалодваў прынцыпамі рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні «Светлая даль», «Кацярына», «Зімовымі досвіткамі» і інш.). У 1929 у газ. «Чырвоная змена» і «Савецкая Беларусь» апубл. урыўкі з раманаў «У дні барацьбы» і «Вяснянка», у 1931 у час. «Чырвоная Беларусь» — урывак з аповесці «Скарабея». Для яго прозы характэрны рамант. прыўзнятасць, жыццесцвярджальны пафас, лірызм, шчырасць. На бел. мову пераклаў аповесці «Ташкент — горад хлебны» А.Няверава, «Ударны атрад» А.Дончанкі, кн. Е.Ф.Бурчэ «Прыгоды ў паветры».