БАЛЯНО́К Сяргей Уладзіміравіч (н. 31.5.1954, пас. Баярка Кіеўскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Львоўскі паліграф. ін-т імя І.​Фёдарава (1980). У 1980—89 маст. рэдактар выд-ва «Універсітэцкае». Аформіў кнігі: «Прадаецца планета» (зборнік фантастыкі), «Люлька для кошкі» К.​Вонегута, «Выбранае» М.​Булгакава і інш. Аўтар твораў: «Птушка, якая п’е ваду з лужыны», «Кавалачак памяці» (абодва 1985), «Выпадковае танга» (1988) і інш., у якіх паэтычная летуценнасць мастака, яго ўяўленне пра шчасце, гармонію чалавека і прыроды, налёт лёгкага смутку.

М.​М.​Паграноўскі.

С.Балянок. Птушка, якая п’е ваду з лужыны. 1985.

т. 2, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНІ́ЗНІК Сяргей Сцяпанавіч (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.​Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛС (Wells) Герберт Джордж (21.9.1866, Бромлі, каля Лондана — 13.8.1946),

англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў жанру навук. фантастыкі. Скончыў Лонданскі ун-т (1888). Д-р біял. н. (1942). Першы літ. твор — аповесць «Арганаўты хронасу» (1888; накід рамана «Машына часу», 1895). Аўтар сац.-паліт. твораў, напісаных у навук.-фантаст. жанры: «Востраў доктара Мора» (1896), «Чалавек-невідзімка» (1897), «Вайна сусветаў» (1898), «Першыя людзі на Месяцы» (1901), «Ежа багоў» (1904), «У дні каметы» (1906) і інш.; сац.-быт. раманаў: «Колы фартуны» (1896), «Каханне і містэр Люішэм» (1900), «Кіпс» (1905), «Анна-Вероніка» (пра эмансіпацыю жанчыны), «Тона-Бенге» (абодва 1909), «Білбі» (1915) і інш.; раманаў-трактатаў: «Сучасная утопія» (1905), «Новы Макіявелі» (1911) і інш. У рамане «Вызвалены свет» (1914) праблема выкарыстання атамнай энергіі ў ваен. і мірны час, у кн. артыкулаў «Вайна, якая скончыць з войнамі» (1914) і рамане «Містэр Брытлінг п’е чашу да дна» (1916) супярэчлівыя адносіны да 1-й сусв. вайны. Выступіў з антыфаш. раманамі: «Напярэдадні» (1927), «Самадзяржаўе містэра Паргема» (1930), аповесцю «Гулец у кракет» (1936) і інш. Прапаганда рэлігіі у аповесцях «Бог — нябачны кароль», «Душа епіскапа» (абедзве 1917) і інш. Аўтар навук.-папулярнай кн. «Навука жыцця» (т. 1—3, 1930; з Дж.​Хакслі), шматлікіх п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Уражанні ад паездак у Расію ў кнігах «Расія ў змроку» (1920), «Вопыт аўтабіяграфіі» (1934). На бел. мову яго асобныя раманы пераклаў Т.​Тамашэвіч. На бел. сцэне паводле аднайм. рамана У. пастаўлены спектакль «Чалавек-невідзімка» (1981). Многія яго творы экранізаваны.

Тв.:

Бел. пер. — Вайна ў паветры. Мн., 1931;

Першыя людзі на Месяцы. Мн., 1931;

На дне акіяна. Мн., 1939;

У кн.: Уэлс Г. Вайна сусветаў;

Чалавек-невідзімка;

Лагерлёф С. Пярсцёнак Лёвеншольдаў; Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—15. М., 1964.

Літ.:

Кагарлицкий Ю.И. Герберт Уэллс: Очерк жизни и творчества. М., 1963;

Любимова А.Ф. Проблематика и поэтика романов Г.​Уэллса 1900—1940-х гг. Иркутск, 1990;

Левидова И.М., Парчевская Б.М. Г.​Дж.​Уэллс: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз., 1898—1965. М., 1966.

Г.​Дж.Уэлс.

т. 16, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)