«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІШЧУ́ХАВЫЯ, пішчухі,

сенастаўкі (Ochotonidae, або Lagomyidae),

сямейства млекакормячых атр. зайцападобных. 1 род (Ochotona), 20 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Азіі, на ПдЗ Паўн. Амерыкі. Жывуць пераважна калоніямі ў норах на адкрытых мясцінах раўнін і высакагор’я. На Беларусі жылі ў познім антрапагене. Знаходкі вядомы з перыгляцыяльных адкладаў каля вёсак Койтава Віцебскага і Пашына Аршанскага р-наў і каля г. Гродна. Некат. віды — носьбіты ўзбуджальніка чумы.

Даўж. да 28 см, маса да 240 г. Вушы круглыя, кароткія. Вібрысы доўгія. Хвост вельмі кароткі. Афарбоўка бура-карычневых адценняў. Моцна свішчуць і пішчаць (адсюль назва). Расліннаедныя. На зіму назапашваюць сухую траву (адсюль другая назва). Нараджаюць да 7 дзіцянят 2—3 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Пішчухавыя. Пішчухі: 1 — велікавухая; 2 — алтайская; 3 — паўночная; 4 — стэпавая, або малая.

т. 12, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)