МО́РЗЕ АПАРА́Т,

электрамеханічны тэлегр. апарат для перадачы і прыёму паведамленняў нераўнамерным кодам тэлеграфным (знакамі азбукі Морзе). Перадатчыкам у М.а. з’яўляецца тэлегр. ключ, прыёмнікам — электрамагніт, які кіруе работай пішучага механізма. Распрацаваны С.Морзе ў 1837, прыгодны для эксплуатацыі ў 1840; упершыню выкарыстаны ў 1844 на тэлегр. лініі Вашынгтон — Балтымар. Да сярэдзіны 1950-х г. выцеснены літарадрукавальнымі тэлеграфнымі апаратамі.

Схема работы Морзе апарата: 1 — пішучы вузел; 2 — электрамагніт; 3 — ключ; 4 — батарэя сілкавання.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,

прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.

Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр. магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

М.​П.​Савік.

т. 5, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)