АРЗНІ́,

кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РШТАНАС (Birštonas),

горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс. ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв. сістэм. Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

прыродныя воды з мінералізацыяй больш за 1 г/л, а таксама воды любой мінералізацыі са спецыфічнымі ўласцівасцямі (радыеактыўнасць, рН, т-ра) або біялагічна актыўнымі мікракампанентамі (бром Br, жалеза Fe, вуглякіслы газ CO2, серавадарод H2S, радон Rn і інш.). Падзяляюцца на воды слабай (да 2 г/л), малой (2—5 г/л), сярэдняй (5—15 г/л) і высокай (15—35 г/л) мінералізацыі і расолы (>35 г/л). У бальнеатэрапіі М.в. ўжываюць на ванны, піццё, інгаляцыі, арашэнні.

На Беларусі М.в. выяўлены ва ўсіх гідрагеал. басейнах: Аршанскім, Брэсцкім, Прыбалтыйскім, Прыпяцкім, у межах Беларускага і Варонежскага гідрагеал. масіваў, дзе прымеркаваны да адкладаў юры, трыясу, пярмі, карбону, дэвону, кембрыю, верхняга пратэразою, а таксама трэшчынаватай зоны парод крышт. фундамента; на глыбінях ад 200—300 м да 600—800 м і больш. Магутнасць гарызонтаў ад некалькіх метраў да 260—530 м. Водаўмяшчальныя пароды — пяскі, пясчанікі, трэшчынавата-закарставаныя даламіты, мергелі, гіпсы, ангідрыты, трэшчынаватыя і выветралыя покрыўна-лававыя, метамарфічныя і інтрузіўныя. Больш пашыраны М.в., лячэбнае ўздзеянне якіх адбываецца за кошт макракампанентаў хім. саставу і мінералізацыі. Паводле хім. саставу воды хларыдна-натрыевыя, хларыдна-сульфатныя, кальцыева-натрыевыя, гідракарбанатна-хларыдныя натрыевыя, сульфатныя рознага катыённага саставу і інш. Са спецыфічнымі кампанентамі вылучаюцца радонавыя, серавадародныя, бромныя, борныя і воды з вял. колькасцю гумусавых рэчываў. Разведаны 103 радовішчы М.в. Эксплуатацыйныя рэсурсы складаюць больш за 20 тыс. м³/сут; выкарыстоўваюцца санаторыямі, прафілакторыямі, водалячэбніцамі («Беларусь», «Бярэсце», «Васільеўка», «Крыніца», «Лётцы», «Нарач», «Прыдняпроўскі», «Радон» і інш.). Выпускаюцца пітныя лячэбна-сталовыя воды больш як 60 найменняў («Мінская», «Бабруйская», «Усмешка», «Дарыда», «Рэчыцкая», «Фрост», «Ільдзінка», «Барысаўская», «Бярэзінская», «Брэсцкая» і інш.). Бліжэйшымі аналагамі бел. М.в. з’яўляюцца: «Міргарадская», «Крымская» (Украіна), «Іжэўская», «Кашынская», «Омская» (Расія), «Друскінінкайская» (Літва), «Вярска» (Эстонія).

М.С.Капора.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)