Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ХТА (Abies),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.
Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.
А.Дз.Антанюк.
Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМФАРАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія маюць камфарны эфірны алей, гал. кампанент якога — камфора. Да К.р. належаць базілік, камфоравае дрэва, піхта сібірская (з яе ігліцы атрымліваюць барнілацетат, які перапрацоўваюць у камфару).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБА́ЙСКАЯ ПАЛЯ́НА,
міжгорная катлавіна каля падножжа паўн. схілу Галоўнага, або Водападзельнага, хр.Вял. Каўказа, каля вытокаў р. Тэберда. Размешчана на выш. 1620 м на тэр. Тэбердзінскага запаведніка. Над Д.п. узнімаюцца горныя вяршыні да выш. 4046 м (г.Дамбай-Ульген). Схілы да выш. 2300 м укрыты лесам (пераважна піхта). Д.п. — раён альпінізму і турызму на Зах. Каўказе. Курортны пас. Дамбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Краснадарскім краі, Расія, на схілах Гал.хр.Вял. Каўказа (выш. каля 3350 м). Засн. ў 1924 для аховы пласкагорных прыродных комплексаў Каўказа. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 263,5 тыс.га і 300 га — Хосцінскі ціса-самшытавы гай (філіял). Вышынныя паясы ад альпійскіх лугоў да шыракалістых лясоў. Шмат эндэмічных раслін — каўк.піхта, явар, рададэндран. У фауне звычайныя тур, сарна, праметэева палёўка, каўк. цецярук, буры мядзведзь і інш. Рэакліматызаваны зубр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ ШО́РЫЯ,
сістэма сярэднягорных хрыбтоў і масіваў у гарах Паўд. Сібіры, у Кемераўскай вобл. Расіі. Населена адным са стараж. народаў Алтая — шорцамі. Займае адгор’і Салаірскага кража, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 1500—2000 м), на схілах тайга (піхта, елка, кедр, бяроза і інш.). Горная Шорыя — рудны раён; уключае Таштагольскае, Шэрэгешаўскае і інш. радовішчы лёгкаабагачальных магнетытавых руд. Ёсць радовішчы каменнага вугалю, золата, марганцавай руды і інш. Лясная прам-сць. Горная Шорыя — рудная база металургічных з-даў г. Новакузнецк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр.ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс.га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДу лясной тыпалогіі,
характарызуе ўчасткі лесу з найвышэйшай урадлівасцю глеб; класіфікацыйная адзінка. У лесастэпавай зоне, на Каўказе, у Крыме, Карпатах складае асн. лесатыпалагічны фон; даволі часты ў падзоне шыракалістых лясоў. Для груда характэрны чарназёмы, буразёмы і шэрыя лясныя глебы. Асн. лесаўтваральнікі — піхта, елка, дуб, бук, ясень, ільма. На Беларусі груды займаюць пераважна павышаныя мясціны на балоцістай або нізіннай мясцовасці і часцей прадстаўлены шыракалістымі або ялова-шыракалістымі лясамі. У залежнасці ад гал. лесаўтваральных парод прыняты скарочаныя назвы груда: піхтавы — піхтач, яловы — рамень, дубовы — дуброва і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ДЖАНЕЦ,
маладая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць бальзамы. Найб. вядомыя ў тропіках і субтропіках (т.зв. «бальзамныя» дрэвы, радзей кусты). «Бальзамным» дрэвам называюць паўднёваамер. віды з роду Myroxylon сям. бабовых (Myroxylon balsamum, Myroxylon pereira), якія даюць талуанскі і перуанскі бальзамы. З некаторых відаў роду Copaifera таго ж сямейства атрымліваюць капайскі бальзам. Многія бальзамныя расліны вядомы сярод прадстаўнікоў сям. бурзэравых, клюзіевых, ці святаяннікавых, дыптэракарпавых і інш. Да бальзамных раслін належаць некаторыя дрэвы і кусты ўмераных і паўн. шырот, якія даюць жывіцу, — хвоя, елка, ядловец, піхта, лістоўніца, кедр і інш. На Беларусі бальзамныя расліны — хвоя, елка, ядловец і інш.