ПІ́ФІЯ,

старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)