Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДЗІ́Н,
гетэраараматычнае злучэнне, C5H5N. П. і яго вытворныя — аснова пашыраных у прыродзе пірыдзінавых алкалоідаў (напр., анабазіну, нікаціну) і многіх біялагічна важных злучэнняў (напр., пірыдаксіну).
Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам tкіп 115,4 °C, шчыльн. 981,9 кг/м3. Змешваецца з вадой і большасцю арган. растваральнікаў. Слабая аснова. З неарг. к-тамі ўтварае ўстойлівыя солі, з галагенідамі металаў, аксідамі серы (SO2, SO3), бромам, вадой — комплексныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна з каменнавугальнай смалы, у якой П. каля 0,08%. Выкарыстоўваюць у сінтэзе лек. сродкаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў (гл. таксама Пікаліны), як растваральнік, у т. л. для многіх неарган. солей. Таксічны; ГДК пары П. ў паветры ̴ 5 мг/м³Іл.гл. да арт.Гетэрацыклічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ВЫ,
клас хім. злучэнняў, здольных дысацыіраваць у водных растворах з утварэннем гідраксільных іонаў OHˉ. Асновы, растваральныя ў вадзе, наз.шчолачамі, з кіслотамі ўтвараюць солі. Па ступені дысацыяцыі падзяляюцца на слабыя (напр., гідраксіды магнію, амонію) і моцныя (напр., гідраксіды натрыю, кальцыю). Паводле сучаснай тэорыі Асновамі лічацца і злучэнні, у якіх няма іонаў OHˉ, напрыклад, аміяк, гідразін, пірыдзін. Гл. таксама Кіслоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІ́Д,
амід нікацінавай кіслаты. Разам з гэтай к-той уваходзіць у групу водарастваральных злучэнняў (вітамін PP) пірыдзін-3-карбонавай к-ты і яе вытворных. У складзе нікацінаміднуклеінавых ферментаў многіх дэгідрагеназ прымае ўдзел у пачатковых этапах біял. акіслення вугляводаў, арган.к-т і інш. злучэнняў. Недахоп Н. выклікае пелагру. На Н. багатыя прадукты жывёльнага паходжання і дрожджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБАЗІ́Н, α-піперыдзіл-β-пірыдзін (CHN),
арганічнае рэчыва класа алкалоідаў. Бясколерны алей, які цямнее на паветры: tкіп 276 °C; добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках; дае шчолачную рэакцыю. Выяўлены сав. хімікам А.П.Арэхавым (1929) у сярэднеазіяцкім анабазісе бязлістым (Anabasis aphylla). У невял. колькасці ёсць у тытуні. Як і яго ізамер нікацін, анабазін моцны гангліянарны яд. Выкарыстоўваецца супраць шкоднікаў раслін; сродак ад стрыгучага лішая, вашывасці с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, гетэрацыклы,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт.арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.
Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз.гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац.АН, БДУ і Бел.дзярж.тэхнал. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́НЫ,
1) шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, у цыкле якіх ёсць хоць бы адзін атам азоту. Могуць уключаць інш. гетэраатамы ці быць кандэнсаванымі з інш. цыкламі. Адрозніваюць монаазіны (з адным атамам азоту, напр., пірыдзін, хіналін), дыазіны (з двума атамамі азоту; пірымідзін), трыязіны — цыянуравая кіслата. Азіны — злучэнні з араматычнымі ўласцівасцямі, утвараюць солі з кіслотамі. Вытворныя азіны уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, вітамінаў групы B, фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца як тэрапеўт., псіхатропныя сродкі (аміназін, люмінал, сульфадымезін і інш.).
2) Вытворныя гідразіну агульнай формулы RR1C=N—N=CR1R.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.
У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш.Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл.Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл.арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).