Пірафіліт 8/447

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАФІЛІ́Т (ад піра... + грэч. phyllon ліст),

мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксідалюмасілікат Al2[Si4O10](OH)2; прымесі магнію, жалеза і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае ліставатыя, лускаватыя, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер бледна-зялёны, блакітны, жоўты, буры. Цв. 1—2. Шчыльнасць 2,65—2,9 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, метамарфічны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці вогнетрывалых керамічных вырабаў, у гумавай, папяровай прам-сці і інш.

Пірафіліт.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ ГЛІ́НЫ,

асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вогнетрывалых матэрыялаў. Маюць высокую эластычнасць, звязвальную здольнасць і вогнетрываласць (не ніжэй як 1580 °C).

Вогнетрывалыя гліны складаюцца пераважна з каалініту ці блізкіх да яго мінералаў з агульнай формулай Al2O3∙2SiO2H2O. У іх трапляюцца і інш. мінералы (напр., монатэрміт, пірафіліт, гідраслюды). Вогнетрываласць (блізкая па значэнні да т-ры плаўлення) залежыць ад хім. саставу гліны. Вогнетрывалыя гліны маюць значную колькасць аксіду алюмінію Al2O3 (гліназём; 30—45%) і розныя прымесі. Зніжаюць вогнетрываласць злучэнні жалеза і аксіды шчолачных металаў.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў для металургіі, машынабудавання, як асн. кампанент для вырабу фарфору, фаянсу, керамічных плітак і тэхн. керамікі. У Беларусі радовішчы вогнетрывалай гліны на Пд Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Я.​М.​Дзятлава.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)