Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЕ́Н (ад лац. pinus хвоя),
біцыклічны тэрпен, C10H16.
Паводле размяшчэння падвойнай сувязі ў малекуле адрозніваюць 3 ізамеры: α-, β- і δ-П. Бясколерныя вадкасці з пахам хвоі. Добра раствараюцца ў непалярных арган. растваральніках, не раствараюцца ў вадзе. Вельмі рэакцыйназдольныя, у паветры (асабліва на святле) лёгка акісляюцца, пры награванні ізамерызуюцца (напр., у прысутнасці дыаксіду тытану пры 150 °C у камфен). У прыродзе пашыраны α- і β-П., ці нопінен, якія маюць t 156,2 °C і 164 °C, шчыльн. 858,2 кг/м³ і 869.4 кг/м³ адпаведна. Уваходзяць у састаў шкіпінару. з якога П. вылучаюць рэктыфікацыяй, і эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі лакаў і фарбаў, сыравіну ў вытв-сці камфоры, тэрпінеолу, інсектыцыдаў, пахучых рэчываў і інш.