ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),
французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),
швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф.Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).
Тв.:
Рус.пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.
Літ.:
Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр.Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пікар А. 2/184
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Пікар І. 2/184
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫСКА́Ф (ад грэч. bathys глыбокі + skaphos судна, лодка),
самаходны глыбакаводны апарат. Складаецца з корпуса-паплаўка, запоўненага лёгкай вадкасцю, напрыклад спец. бензінам са шчыльн. да 500 кг/м³, цыстэрны з баластам, акумулятарнай батарэі і назіральнай кабіны — батысферы, дзе знаходзіцца экіпаж і спец. апаратура. Звонку батыскафа ўстаноўлены электрарухавікі з грабнымі вінтамі. Апусканне на глыбіню і ўсплыванне батыскафа рэгулююцца баластам. Выкарыстоўваецца для гідрафіз., біял., геал. і інш. даследаванняў марскіх глыбіняў. Першы батыскаф пабудаваны і выпрабаваны швейц. вучоным А.Пікарам у 1948. У 1960 яго сын Ж.Пікар дасягнуў глыбіні каля 11 км (Марыянскі жолаб у зах. частцы Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,
лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.
Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.Л.Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс.м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.І.Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.Э.Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс.м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс.м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян.інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.Пікар і М.Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс.м, у 1934—22 тыс.м. У Вял.Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.
Літ.:
Жуковский Н.Е. Собр. соч.Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;
Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;
Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.
У.М.Сацута.
Да арт.Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).