Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬСКАЯ ЗВА́РКА, пячная зварка,
зварка металаў і сплаваў ціскам, пры якой награванне вырабаў у зоне злучэння робіцца ў печах награвальных або горнах, а пластычнае дэфармаванне — ударамі молата, пракаткай ці выцісканнем. К.з. злучаюць пераважна дэталі з малавугляродзістай (да 0,3% С) сталі, а таксама наварваюць высакаякасную сталь на зношаныя дэталі. Якасць зваркі павышаюць, пакрываючы месца злучэння флюсам.
Створана ў 1946 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. як прамкамбінат. З 1969 камбінат буд. матэрыялаў, з 1981 сучасная назва. Уключае з-д сілікатнай цэглы, лесазавод, з-д па вытв-сці керамічнай цэглы і кафлі, цэх клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і керамічная, кафля пячная, стужка клеявая папяровая, сталярныя вырабы, мел школьны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.