ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак, педагог. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел.АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел.нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.Багдановіч», «А.Міцкевіч», «М.Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),
вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арг.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).