МАПАСА́Н ((Maupassant) Гі) (поўнае імя Анры Рэнэ Альбер Гі) дэ (5.8.1850, замак Міраменіль, каля г. Дзьеп, Францыя — 6.7.1893),

французскі пісьменнік. Скончыў Руанскі ліцэй (1869). Друкаваўся з 1876. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Жыццё» (1883, экранізацыя 1958), «Мілы друг» (1885, экранізацыя 1955), «Монт-Арыёль» (1886), «П’ер і Жан» (1887—88), «Моцная, нібы смерць» (1889), «Наша сэрца» (1890). Прызнаны майстар навелы. Асаблівую вядомасць набыла яго навела «Пышка» (1880, экранізацыя 1936). У зб-ках навел «Майстэрня Тэлье» (1881), «Мадэмуазель Фіфі» (1882), «Дзядзечка Мілон» (1883), «Міс Гарыет» (1884), «Івета» (1885), «Пан Паран» (1886) і інш. тэмы вайны, супраціўлення, кахання, імкненне ўвасобіць як высокія, так і змрочныя, «начныя» аспекты чалавечых пачуццяў і ўзаемаадносін. Аўтар зб. «Вершы» (1880), кніг дарожных нарысаў «Пад сонцам» (1884), «На вадзе» (1888), «Бадзяжнае жыццё» (1890), драм., літ.-крытычных артыкулаў. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам, сюжэтнай напружанасцю, прысутнасцю элементаў натуралізму і сімвалізму. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Істомін, З.​Колас, Н.​Мацяш, С.​Мурашка, М.​Паслядовіч, С.​Шупа. Многія навелы інсцэніраваны. БДТ-2 паставіў яго п’есу «Гавань» (1927).

Тв.:

Бел. пер. — Пышка. Мн., 1937;

Навелы. Мн., 1987;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—12. М., 1958;

Собр. соч. Т. 1—7. М., 1977.

Літ.:

Данилин Ю.И. Жизнь и творчество Мопассана. 2 изд. М., 1968;

Лану А. Мопассан: Пер. с фр. М., 1971;

Флоровская О.В. Мопассан-новеллист. Кишинев, 1979.

Е.​А.​Лявонава.

Г. дэ Мапасан.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНЕ́ЎСКАЯ (Фаіна Рыгораўна) (27.8.1896, г. Таганрог, Расія — 19.7.1984),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1961). З 1915 працавала ў правінцыяльных т-рах. З 1931 у маскоўскіх т-рах — Камерным, Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі, імя Маякоўскага, імя Пушкіна і інш., у 1949—55 і з 1963 у т-ры імя Массавета. Характарная актрыса. У яе творчасці спалучаліся эксцэнтрыка і гратэск з мудрай іроніяй, лірыка і камедыйнасць з драм. глыбінёй. Сярод роляў: Змяюкіна («Вяселле»), Мярчуткіна («Юбілей»), Шарлота («Вішнёвы сад»), Наташа («Тры сястры»; усе А.​Чэхава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.​Горкага). Лепшыя ролі: Бэрдзі («Лісічкі» Л.​Хэлман, 1945), Спекулянтка («Шторм» У.​Біль-Белацаркоўскага, 1951), Эўхенія («Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, 1958), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, 1966), Люсі Купер («Далей цішыня» паводле п’есы В.​Дэльмар, 1969), Феліцата («Праўда — добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага, 1980). Здымалася ў кіно: «Пышка» (1934), «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Папялушка» (1947), «У іх ёсць Радзіма» (1950), «Дзяўчына з гітарай» (1958), «Лёгкае жыццё» (1964) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951 (двойчы).

Літ.:

О Раневской. М., 19988;

Щеглов Д.А. Фаина Раневская. М.;

Смоленск, 1998;

Скороходов Г.А. Разговоры с Раневской. М., 2000.

Л.​В.​Календа.

Ф.Р.Ранеўская.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОМ (Міхаіл Ільіч) (24.1.1901, г. Іркуцк, Расія — 1.11.1971),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1950). Ганаровы чл.-кар. АМ ГДР (1967). Скончыў Вышэйшы дзярж. маст.-тэхн. ін-т (1925). З 1928 навук. супрацоўнік Ін-та метадаў пазашкольнай работы. З 1931 працаваў на кінастудыі «Масфільм». У 1942—47 рэжысёр Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1948 (з перапынкамі) выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1958 праф.). Першая рэжысёрская работа — «Пышка» (паводле Гі дэ Мапасана, 1934). Стварыў дылогіі «Ленін у Кастрычніку» (1937) і «Ленін у 1918 годзе» (1939), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (абодва 1953). Грамадз. пафас, публіцыстычнасць, антыфаш. скіраванасць характэрны для фільмаў «Чалавек №217» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Рускае пытанне» (паводле К.​Сіманава, 1947), «Сакрэтная місія» (1950), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956). Маральнасцю, эмац. і інтэлектуальнай афарбоўкай вылучаецца фільм «Дзевяць дзён аднаго года» (1962, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, Чэхія). Аўтар дакумент. фільма «Звычайны фашызм» (1965, спец. вышэйшы прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу, Германія). Аўтар і сааўтар сцэнарыяў сваіх фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1948, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1966.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1980—82.

Літ.:

Погожева Л.П. Михаил Ромм. М., 1967;

Зак М. М.​Ромм и его фильмы. М., 1988.

М.І.Ром.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ СПЕВАКІ́,

творчыя носьбіты мясц. традыцый нар. спеву. Вядомы ўсім народам свету. На Беларусі наз. «спявухі», «пеюны», «пяюллі», «пяўчыцы», «песнахоры» і «песнахоркі». У вясковым побыце традыцыі спеву з даўніх часоў суправаджалі ўсе бакі жыцця (працу, адпачынак, звычаі і абрады, урачыстыя падзеі і святкаванні), і ва ўсіх выпадках роля Н.с. вызначальная. Яны «вядуць парадак» спявання строга прымеркаваных да пэўнага часу ці абставін каляндарных песень, выступаюць своеасаблівымі цырымоніймайстрамі пэўных этапаў сямейна-абрадавых дзеянняў (вяселля, радзін, пахавання), завадатарамі (закапёршчыкамі) нар. святкаванняў (на ігрышчах, карагодах, бяседах). У адрозненне ад прафес. спевакоў або ўдзельнікаў арганізаваных самадз. калектываў гал. асаблівасць майстэрства Н.с. — творчая імправізацыя: песня не проста выконваецца ў пэўным зафіксаваным выглядзе, а кожны раз нібыта нараджаецца нанава. Імправізацыйны пачатак у аднолькавай ступені выяўляецца ў адзіночным і хар. нар. спяванні: у свабодным распеве аднаго голасу, гетэрафонных адхіленнях (пералівах) пры выкананні аднагалосых песень хорам, у вар’іраванні меладычнай лініі падгалоска пры выкананні шматгалосых песень. Шматвяковая маст. практыка спявання на адкрытым паветры («на волі») спарадзіла свайго роду школу тэмбрава маляўнічага галаснога спеву з выдатнымі яго майстрамі, якія заўсёды вылучаліся ў працэсе стыхійнага спаборніцтва нар. самародкаў. Сярод Н.с. яны — карыфеі, якія вядуць за сабой увесь хор або ансамбль (гурт). Найчасцей гэта запявала («запявайла», «пачынальнік», «зачынальнік»), які «заводзіць песню», а таксама верхні падгалосак («падгалоснік», «падводка», «гаравік»), што «падымаіць песню». Майстроў галаснога спеву найчасцей можна сустрэць сярод пастухоў, леснікоў, працаўнікоў палёў, раней і сярод плытагонаў. Ад бел. Н.с. спецыялістамі запісана шмат узораў нар.-песеннага мастацтва. Дзякуючы фалькл. зборнікам і даследаванням, муз.-этнагр. канцэртам, дакумент. кінастужкам, грамзапісу аўтэнтычнага фальклору многія знаўцы песень і майстры нар. спеву вядомы на Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: у зах. рэгіёне — Захвея Хвораст (в. Шакуны), Мікола Смаль (в. Росахі, абедзве Пружанскі р-н), Таццяна Місевіч (в. Доўгая, Шчучынскі р-н), Кацярына Пышка (в. Зачэпічы), Надзея Бурак (в. Ахонава, абедзве Дзятлаўскі р-н); у Паазер’і — Еўдакея Зуева (в. Цясты, Верхнядзвінскі р-н), Зося і Тоня Прускія (в. Аношкі, Лепельскі р-н); на Палессі — Алесь Каранчук, Адам Масальскі, Юзік Русак (в. Клятная, Пінскі р-н); Сцяпан і Марыя Дубейкі, Ганна Вянгура (в. Тонеж), Феня Алесіч, Наля Андрэйкавец (в. Букча), Ілья Зенькавец, Іван Прыбора (в. Глушкавічы, усе Лельчыцкі р-н); ва ўсх. рэгіёне — Домна Чачуга, Таццяна Лапаціна (в. Азершчына), Есіп Сілко (в. Лазараўка, абедзве Рэчыцкі р-н); Прося Гарэцкая (в. Багацькаўка, Мсціслаўскі р-н), Кацярына Манжэрава (в. Беразоўка, Быхаўскі р-н), Міхась Басякоў (в. Антонаўка, Чавускі р-н).

Літ.:

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962;

Ширма Г. Двести белорусских народных песен. М., 1958;

Можейко З. Песенная культура белорусского Полесья. Мн., 1971;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. М., 1984. Вып. 2. С. 11—12.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 11, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)