ПЫТА́ЛЬНІК,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,

графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».

Літ.:

Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)