АФГА́НЕЦ,

мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)