Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛ у атмасферы,
сукупнасць завіслых у паветры дробных (10−2—10−4 см) цвёрдых часцінак. Паступае ў атмасферу пры выветрыванні горных парод (асабліва ў пустынных абласцях), вулканічных вывяржэннях, ветравой эрозіі ворных зямель, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў і транспарту. У паветры знаходзяцца таксама цвёрдыя часцінкі касм. і біял. (пылок раслін, споры, мікраарганізмы і інш.) паходжання. Асн. колькасць П. засяроджана ў слоі паветра да выш. 500 м. Зменьвае празрыстасць і цеплавыя ўласцівасці атмасферы, у вял. канцэнтрацыях можа садзейнічаць утварэнню смогу. Барацьба з вытворчым П. (пераважна ў гарадах і прамысл. раёнах) — важная ч. аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання (гл. таксама Забруджванне атмасферы).
т. 13, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛ у тэхніцы,
від аэразолю, у якім дробныя (да 0,1 мм) цвёрдыя часцінкі знаходзяцца ў завіслым стане ў газавым асяроддзі. Звычайна ўтвараецца ў выніку дыспергавання цвёрдых цел. Часцінкі П. могуць несці эл. зарад, быць электранейтральнымі ці радыеактыўнымі. Некаторыя віды вытв. П. выбухова- і пажаранебяспечныя, забруджваюць прыроду, выклікаюць захворванні. Паветр. прастора ўтрымлівае П. разнастайнага паходжання (гл. Пыл у атмасферы). Канцэнтрацыя П. (запыленасць) выражаецца колькасцю часцінак або іх агульнай масай у адзінцы аб’ёму газу (паветра). Барацьба з утварэннем П. і яго ўлоўліванне — адна з найважнейшых тэхн. і гігіенічных задач (гл. Ачыстка паветра).
У прам-сці часта спецыяльна выкарыстоўваюць распыленне, напр. пры спальванні пылападобнага паліва, паветр. сепарацыі парашкоў, у некаторых хім. тэхналогіях. Непажаданае ўтварэнне П. адбываецца пры здрабненні цвёрдых парод, здабычы карысных выкапняў (рудніковы П.), перапрацоўцы і транспартаванні сыпкіх прадуктаў і матэрыялаў, спальванні арган. паліва. Крыніцамі павышанай запыленасці з’яўляюцца металург., хім., тэкстыльныя вытв-сці, трансп. сродкі і інш. Прамысл. П. шкодзіць абсталяванню, зніжае якасць прадукцыі (напр., паўправаднікоў, электронных прылад), пагаршае гігіенічныя ўмовы працы. Для барацьбы з вытв. П. ажыццяўляюць пылаўлоўліванне з дапамогай скрубераў, цыклонаў, пылаасадачных камер, эл. (у якіх часцінкі П. асядаюць на электродах), акустычных (з выкарыстаннем ультрагуку) і інш. пылаўлоўнікаў. Эфектыўныя спосабы выдалення П. — вентыляцыя з выкарыстаннем паветр. фільтраў, розныя сістэмы газаачысткі. Для засцярогі ад П. выкарыстоўваюць рэспіратары, шлемы-скафандры, спец. адзенне. Ступень запыленасці паветра вызначаюць пыламерамі — з фільтравальным матэрыялам, на якім асядаюць часцінкі П., і найб. пашыранымі аптычнымі, у якіх святло паглынаецца ці рассейваецца пылапаветраным патокам.
У.М.Сацута.
т. 13, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ ПЫЛ,
сукупнасць часцінак кандэнсаванага рэчыва ў міжзорнай і міжпланетнай прасторы. Складаецца з часцінак памерам каля 1 мкм з асяродкам з графіту або сілікату. У Галактыцы К.п. утварае згушчэнні — воблакі і глобулы, якія выклікаюць аслабленне святла, што выпраменьваецца зоркамі і інш. касм. целамі.
т. 8, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Крыяканіт, гл. Пыл касмічны
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),
прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл. Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл. Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́СТЫ (ад англ. dust пыл),
парашкі (памер часцінак 3—30 мкм) з сумесі пестыцыдаў і інертных напаўняльнікаў (напр., тальку, крухмалу). Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднымі насякомымі, пустазеллем, хваробамі раслін.
т. 6, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)