Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),
скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.
Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.Ц.Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.Перці і М.Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл.гл. таксама да арт.Акант, Барока, Вязь.