Сымон Пустэльнік, гл. Бядуля З.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́НТАВЫЯ (Raphidae),

сямейства птушак атр. голубападобных. 2 роды, 3 віды: дронт звычайны, або дода (Raphus cucullatus), белы (R. apterornis) і пустэльнік (Pezophaps solitaria). Вынішчаны паляваннем, завезенымі свойскімі жывёламі і макакамі. Былі пашыраны на Маскарэнскіх а-вах (Індыйскі ак.), дода на в-ве Маўрыкій (апошнія звесткі ў 1681), белы на в-ве Рэюньён (вымер каля 1750), пустэльнік на в-ве Радрыгес (канец 18 ст.). У некат. музеях (Оксфард, Капенгаген, Масква і інш.) зберагліся шкілеты і асобныя часткі цела пераважна доды.

Маса да 20 кт (дода). Галава вял., дзюба кручкаватая. Крылы маленькія, пер’е кароткае. 4 пальцы. Неслі 1 яйцо. Расліннаедныя.

Да арт. Дронтавыя. Дронт звычайны, або дода.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАК’ЯМУ́НІ (санскр. — пустэльнік з племя шак’я; уласнае імя Сідхартха, родавае — Гаўтама),

у будысцкай міфалогіі апошні зямны буда, які, паводле падання, жыў у Індыі ў 623—544 да н.э. і лічыцца заснавальнікам будызму.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТА (стараж.-інд. — баразна),

у старажытнаіндыйскай ведычнай міфалогіі багіня раллі, у вішнуізме — аватара (увасабленне) жонкі бога Вішну Лакшмі, у эпасе «Рамаяна» — жонка героя Рамы. Паводле «Рамаяны», С. выкрадзена царом злых дэманаў (ракшасаў) Раванам. Пасля многіх подзвігаў Рама перамог Равану і вызваліў С., аднак неўзабаве прагнаў яе ў лес, бо яго падданыя падазравалі С. ў шлюбнай нявернасці. Пустэльнік Вальмікі (легендарны аўтар «Рамаяны») даў прытулак С. і выхаваў двух яе сыноў, а пасля, разам з імі, вярнуў яе Раме. Аднак пры сустрэчы з мужам С., па яе просьбе, паглынула яе маці — Зямля.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНЦА́ДЗЕ Сулхан Фёдаравіч (н. 23.8.1925, г. Горы, Грузія),

грузінскі кампазітар. Нар. арт. Грузіі (1961). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, кл. С.Казалупава; 1953, кл. С.​Багатырова). З 1963 выкладае ў Тбіліскай кансерваторыі (у 1965—84 рэктар, з 1973 праф.). Зрабіў значны ўклад у развіццё груз. камерна-інстр. музыкі. Сярод твораў: оперы «Залатое руно» (1952), «Пустэльнік» (паст. 1972); балеты «Дэман» (паст. 1961), «Рыварэс» (паст. 1982); аперэты, араторыі, кантаты, 5 сімфоній (1952—85), канцэрты для інструментаў з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі; рамансы, песні; музыка для драм. т-ра і кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэміі Грузіі 1974, 1981.

Літ.:

Месхишвили Э. С.​Цинцадзе. М., 1970.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЁЛА (Loyola) Ігнацій (сапр. Іньіга Лопес дэ Ракальдэ; Lopez de Racalde; 23.10.1491 ?, замак Лаёла, каля г. Аспейтыя, Іспанія — 31.7.1556),

іспанскі тэолаг, заснавальнік ордэна езуітаў. Першапачаткова афіцэр на службе віцэ-караля Навары. Стаўшы інвалідам у выніку ранення (1521) у час вайны з Францыяй, адмовіўся ад ваен. кар’еры. У 1522—23 як пустэльнік жыў у гроце Манрэса ля падножжа гор Мантсерат, у гэты час стварыў «Духоўныя практыкаванні» (у 1548 ухвалены папам Паўлам III). Пасля паломніцтва ў Іерусалім (1523—24) вывучаў тэалогію ў Барселоне, Алькале, Саламанцы, з 1528 — ў Сарбонскім ун-це ў Парыжы. 15.8.1534 разам з аднадумцамі заснаваў ордэн езуітаў, зацверджаны папам Паўлам III у 1540; стаў яго першым генералам (з 1541). Распрацаваў «Правілы сціпласці», якія рэгламентавалі паводзіны членаў ордэна. У 1622 кананізаваны каталіцкай царквой.

Літ.:

Быков А. И.​Лойола: Его жизнь и общественная деятельность: Биогр. очерк. 2 изд. СПб., 1894.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЎЧАВА́ДЗЕ Ілья Рыгоравіч (8.11.1837, с. Кварэлі, Грузія — 12.9.1907),

грузінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1857—61). Працаваў суддзёй і інш., быў старшынёй Т-ва пашырэння пісьменнасці сярод грузін, праўлення Груз. драм. т-ва. Чл. Дзярж. савета (1906). Адзін з заснавальнікаў (з А.Цэрэтэлі) груз. рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі». Літ. дзейнасць з 1857. Паэзія Ч. прасякнута гуманіст. матывамі, грамадз. пафасам. Пісаў вершы-замалёўкі роднай прыроды. У паэме «Пустэльнік» (1883) тэма грамадз. служэння. Саслоўна-класавыя супярэчнасці груз. грамадства ў паэмах «Здань» (1859, апубл. 1872—73), «Некалькі малюнкаў, або Выпадак з жыцця разбойніка» («Разбойнік Како», 1860), аповесцях «Ці ж ён чалавек?» (1859—63), «Апавяданне жабрака» (1859, апубл. 1873). Аповесць «Атарава ўдава» (1887) пра жыццё вёскі пасля адмены прыгоннага права. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. Тбилиси, 1978;

Стихотворения и поэмы. Л., 1979.

І.Р.Чаўчавадзе.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЁЛЫ Касьян (сапр. Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),

бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.

Тв.:

Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;

Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.

Літ.:

Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНЕ́СКА (Ionesco) Эжэн (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),

французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.​Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Купалы ў 1993.

Тв.:

Бел. пер. — Лысая спявачка // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШ Пётр (сапр. Томаў-Негаш Радзівай Петравіч; 1.11.1813, в. Негушы. Чарнагорыя — 19.10.1851),

чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб. нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Горный венец. М., 1955.

А.​П.​Траяноўскі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)